﻿ДРУГОЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ЯНА.
1.
 Староста — выбранай пані і дзецям яе, якіх я люблю ў праўдзе, і ня я адзін, але і ўсе, што пазналі праўду, 
дзеля праўды, якая застаецца ў нас і будзе з намі на вякі. 
Няхай будзе з вамі ласка, міласэрнасьць, супакой ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, у праўдзе і любові! 
Я вельмі ўзрадаваўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх тых, якія ходзяць у праўдзе, як мы атрымалі прыказаньне ад Айца. 
І цяпер прашу цябе, пані, не як новае прыказаньне пішучы табе, але тое, якое маем ад пачатку, — каб мы любілі адзін аднаго. 
І гэта ёсьць любоў, каб мы хадзілі паводле прыказаньняў Ягоных. Гэта ёсьць прыказаньне, якое вы чулі ад пачатку, каб у ім вы хадзілі. 
Бо шмат падманшчыкаў увайшло ў гэты сьвет, якія не прызнаюць Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе. Гэткі ёсьць падманшчык і антыхрыст. 
Глядзіце за сабою, каб нам не згубіць таго, над чым мы працавалі, але каб атрымаць поўную нагароду. 
Кожны, хто адступаецца і не застаецца ў навуцы Хрыстовай, ня мае Бога; а хто застаецца ў навуцы Хрыстовай, той мае і Айца, і Сына. 
Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтае навукі, таго не прыймайце ў дом і радавацца яму не кажыце, 
бо хто кажа радавацца яму, той супольнічае ў злых учынках ягоных. 
Шмат маю пісаць да вас, але не хачу на паперы і атрамантам, але спадзяюся прыйсьці да вас і гаварыць вуснамі ў вусны, каб радасьць вашая споўнілася. 
Вітаюць цябе дзеці сястры твае выбранае. Амэн.
