﻿ГЕБРАЯЎ.
6.
Дзеля гэтага, пакінуўшы пачатак Хрыстовага слова, зьвернемся да дасканаласьці, не кладучы ізноў падмуркі, гаворачы пра навяртаньне ад мёртвых справаў і веру ў Бога, 
вучэньне пра хрышчэньні, і ўскладаньне рук, і ўваскрасеньне мёртвых, і суд вечны. 
І гэта зробім, калі Бог дазволіць. 
Бо немагчыма тых, якія аднойчы былі прасьветленыя, і пакаштавалі дару нябеснага, і сталіся ўдзельнікамі Духа Сьвятога, 
і пакаштавалі добрага слова Божага і моцаў будучага веку, 
і адпалі, ізноў абнаўляць праз навяртаньне, тых, якія ізноў укрыжоўваюць у сабе Сына Божага і аддаюць на сорам Яго. 
Бо зямля, якая п’е дождж, што часта зыходзіць на яе, і родзіць расьліну, карысную для тых, хто абрабляе яе, атрымлівае дабраслаўленьне ад Бога; 
а тая, якая прыносіць церні і асот, непрыдатная і блізкая да праклёну, і канец яе — спаленьне. 
А мы перакананыя адносна вас, улюбёныя, што вы — лепшыя і маеце збаўленьне, хаця і гаворым гэтак. 
Бо Бог не няправедны, каб забыцца на справу вашую і працу любові, якую вы зьявілі ў імя Ягонае, калі служылі і служыце сьвятым. 
А мы жадаем, каб кожны з вас выяўляў такую самую дбаласьць у пэўнасьці надзеі да канца, 
каб ня стацца вам маруднымі, але пераймальнікамі тых, якія праз веру і доўгацярплівасьць бяруць у спадчыну абяцаньні. 
Бо Бог, абяцаючы Абрагаму, ня маючы нікога вышэйшага, каб прысягаць, прысягаў Самім Сабою, 
кажучы: «Праўдзіва, дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе». 
І гэтак Абрагам, маючы доўгацярплівасьць, атрымаў абяцаньне. 
Бо людзі прысягаюць вышэйшым, і ўсякая спрэчка між імі завяршаецца прысягай на сцьвярджэньне. 
Дзеля гэтага Бог, хочучы празьмерна паказаць спадкаемцам абяцаньня нязьменнасьць намеру Свайго, ужыў прысягу, 
каб праз дзьве нязьменныя рэчы, у якіх Богу хлусіць немагчыма, вялікае пацяшэньне мелі мы, якія прыбеглі ўхапіцца за надзею, што перад намі ляжыць, 
якую маем, як якар душы, пэўны і трывалы, які ўваходзіць у-ва ўнутранае за заслону, 
куды за нас як папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка. 
