﻿2 ЦІМАФЕЯ.
4.
Дык я сьведчу перад Богам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, Які мае судзіць жывых і мёртвых у зьяўленьні Сваім і Валадарства Свайго: 
абвяшчай слова, настойвай у час і ня ў час, дакарай, забараняй, упрошвай з усякай доўгацярплівасьцю і вучэньнем. 
Бо будзе час, калі здаровага навучаньня цярпець ня будуць, але паводле сваіх пажаданьняў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, якія лашчаць слых, 
і ад праўды слых адвернуць, а збочаць да баек. 
А ты будзь пільны ў-ва ўсім, перанось цяжкасьці, рабі справу дабравесьніка, служэньне тваё выконвай. 
Бо я ўжо стаўся ахвяраю, і час майго адыходу прыйшоў. 
Змагаўся я добрым змаганьнем, бег зьдзейсьніў, веру захаваў. 
Нарэшце, вызначаны мне вянок праведнасьці, які дасьць мне Госпад, праведны Судзьдзя, у той дзень; і ня толькі мне, але і ўсім, якія зьяўленьне Яго палюбілі. 
Намагайся, каб хутка прыйсьці да мяне. 
Бо Дэмас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Тэсалоніку; Крэскенс — у Галятыю; Ціт — у Дальматыю; адзін Лука са мною. 
Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэньня, 
А Тыхіка я паслаў у Эфэс. 
Плашч, які я кінуў у Траадзе ў Карпа, ідучы, прынясі, і кнігі, асабліва пэргаміны. 
Аляксандар, меднік, шмат учыніў мне ліха. Няхай дасьць яму Госпад паводле ўчынкаў ягоных. 
І ты захоўвай сябе ад яго, бо ён вельмі супрацьстаіць нашым словам. 
У першай маёй абароне ніхто не прыйшоў да мяне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай ня будзе ім палічана! 
Госпад жа стаў перада мною і ўмацаваў мяне, каб пропаведзь праз мяне была выкананая і каб пачулі яе ўсе пагане; і я быў выбаўлены з ільвінае пашчы. 
І выбавіць мяне Госпад ад усякага злога дзеяньня, і збавіць для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на вякі вякоў. Амэн. 
Прывітай Прыскілу, і Акілу, і дом Анісіфора. 
Эраст застаўся ў Карыньце; а Трафіма я пакінуў хворага ў Мілеце. 
Намагайся, каб прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эўбул, і Пуд, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе браты. 
Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амэн.
