﻿ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАФЕЯ АПОСТАЛА ПАЎЛА.
1.
 Павал, апостал Ісуса Хрыста паводле загаду Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае, — 
Цімафею, шчыраму дзіцяці ў веры: ласка, літасьць, супакой ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага. 
Ідучы ў Македонію, я прасіў цябе быць у Эфэсе і загадаць некаторым, каб яны не навучалі іншага 
і не зважалі на байкі і радаводы бясконцыя, якія выклікаюць больш спрэчак, чым Божага збудаваньня ў веры. 
Канец жа загаду ёсьць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумленьня, і веры некрывадушнай, 
ад чаго адхіліўшыся, некаторыя збочылі да пустаслоўя, 
хочучы быць законавучыцялямі, не разумеючы ані таго, што кажуць, ані таго, пра што сьцьвярджаюць. 
А мы ведаем, што Закон добры, калі хто законна карыстаецца ім, 
ведаючы тое, што Закон не пастаўлены для праведніка, але для беззаконьнікаў і непакорлівых, бязбожных і грэшнікаў, нячыстых і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў, 
распусьнікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, хлусьлівых, крывапрысяжнікаў і для іншых, што супрацівяцца здаровай навуцы, 
паводле Эвангельля славы шчаснага Бога, якое мне даверана. 
І я дзякую Хрысту Ісусу, Госпаду нашаму, Які ўмацаваў мяне, што Ён палічыў мяне верным, паставіўшы на служэньне, 
мяне, які раней блюзьніў, і перасьледаваў, і крыўдзіў, але памілаваны, бо рабіў гэта, ня ведаючы, у недаверстве. 
І ласка Госпада нашага памножылася разам з вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе. 
Вернае слова і ўсякага прыняцьця вартае, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет збавіць грэшнікаў, з якіх я — першы. 
Але дзеля таго я памілаваны, каб Ісус Хрыстос у-ва мне першым зьявіў усю доўгацярплівасьць на прыклад тым, якія маюць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага. 
Валадару ж вякоў, незьнішчальнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу пашана і слава на вякі вякоў. Амэн. 
Гэткі загад даю табе, дзіця маё Цімафей, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты змагаўся згодна з імі добрым змаганьнем, 
маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя разьбіліся ў веры; 
з якіх Гімэнэй і Аляксандар, якіх я аддаў шатану, каб яны навучыліся ня блюзьніць. 
