﻿ПАСЛАНЬНЕ ДА ЭФЭСЦАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА.
1.
 Павал, апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, — сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе: 
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 
Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраслаўленьнем у нябёсах, 
бо Ён выбраў нас у Ім да стварэньня сьвету, каб быць нам сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у любові, 
прадвызначыўшы нас на ўсынаўленьне Сабе праз Ісуса Хрыста з упадабаньня волі Сваёй, 
на пахвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Ўлюбёным, 
у Якім маем адкупленьне праз кроў Яго, адпушчэньне грахоў, паводле багацьця ласкі Яго, 
якую Ён шчодра зьявіў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні, 
даўшы нам ведаць таямніцу волі Сваёй, паводле ўпадабаньня Свайго, што Ён раней пастанавіў у Сабе, 
дзеля ўпарадкаваньня поўні часоў, каб усё, што ў небе і што на зямлі, было пад галавою — Хрыстом. 
У Ім, у Якім і мы сталіся спадкаемцамі, былі мы прадвызначаныя на гэта паводле вызначэньня Таго, Хто ўсё зьдзяйсьняе паводле жаданьня волі Сваёй, 
каб быць нам на пахвалу славы Яго, нам, якія раней спадзяваліся на Хрыста. 
У Ім і вы, пачуўшы слова праўды, Эвангельле вашага збаўленьня, і паверыўшы ў Яго, запячатаныя абяцаным Духам Сьвятым, 
Які ёсьць зарука спадчыны нашае на выкупленьне ўдзелу, на пахвалу славы Яго. 
Дзеля гэтага і я, пачуўшы пра вашую веру ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых, 
няспынна дзякую за вас Богу, узгадваючы пра вас у малітвах маіх, 
каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця ў пазнаньні Яго, 
прасьветленыя вочы сэрца вашага, каб вы ўбачылі, якая ёсьць надзея пакліканьня Яго, і якое багацьце славы спадчыны Яго для сьвятых, 
і якая бязьмерная вялікасьць моцы Яго для нас, якія вераць праз дзеяньне ўладнай магутнасьці Яго, 
якою Ён дзейнічаў у Хрысьце, уваскрасіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў небе, 
вышэй за ўсякае начальства, і ўладу, і сілу, і панаваньне, і ўсякае імя, названае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым, 
і ўсё Ён скарыў пад ногі Ягоныя і даў Яго за галаву над усім у Царкве, 
якая ёсьць Цела Ягонае, поўня Таго, Які ўсё ў-ва ўсім напаўняе. 
