﻿ДЗЕІ.
28.
Тады, уратаваўшыся, мы даведаліся, што востраў называецца Мэліта. 
Барбары ж зьявілі нам незвычайную людзкасьць, бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа. 
А калі Павал набраў мноства ламачча і клаў на агонь, яхідна, выйшаўшы ад жару, прычапілася да рукі ягонай. 
Калі ж барбары ўбачылі зьвера, які вісеў на руцэ ягонай, гаварылі між сабою: «Напэўна, чалавек гэты забойца, якому, уратаванаму ад мора, прысуд жыць не дазваляе». 
А ён, абтросшы зьвера ў агонь, не дазнаў аніякага ліха. 
Яны ж чакалі, што ён стане пухнуць ці раптам упадзе мёртвы. А доўга чакаючы і бачачы, што нічога благога з ім ня сталася, зьмянілі думку і казалі, што ён — бог. 
А ў тым месцы былі палі першага чалавека вострава, на імя Публі, які, прыняўшы нас, тры дні прыязна гасьцяваў. 
Сталася ж, што бацька Публія ляжаў, хворы на гарачку і крываўку. Павал, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, усклаў на яго рукі і аздаравіў яго. 
Калі ж гэта сталася, і іншыя хворыя на востраве прыходзілі, і былі аздароўленыя. 
І яны ўшанавалі нас шанаваньнем вялікім, і, як мы адплывалі, далі, што было патрэбна. 
А праз тры месяцы паплылі мы на Александрыйскім караблі са знакам Дыяскуры, які зімаваў на востраве, 
і, прыстаўшы ў Сіракузах, заставаліся там тры дні. 
Адтуль, плывучы ўздоўж берагу, прыйшлі мы ў Рэгію; і, як праз адзін дзень узьняўся паўднёвы вецер, на другі дзень прыйшлі ў Путэолі, 
дзе, знайшоўшы братоў, былі запрошаныя імі застацца на сем дзён; і гэтак прыйшлі ў Рым. 
Тамтэйшыя браты, пачуўшы пра нас, павыходзілі нам насустрач аж да Апіявае плошчы і Трох Корчмаў. Убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і набраўся адвагі. 
Калі ж мы прыйшлі ў Рым, сотнік перадаў вязьняў гетману, а Паўлу было дазволена жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў. 
Сталася ж, што праз тры дні Павал склікаў першых з Юдэяў, і калі яны зыйшліся, сказаў да іх: «Мужы браты! Нічога не зрабіўшы супраць народу ці звычаяў бацькоўскіх, я выдадзены як вязень з Ерусаліму ў рукі Рымлянаў. 
Яны, дапытаўшы мяне, хацелі вываліць, бо ніякае сьмяротнае віны на мне не было. 
А як Юдэі працівіліся, я быў змушаны прызваць суд цэзара, але не таму, што меўся ў чым вінаваціць народ мой. 
Дзеля гэтае прычыны я запрасіў вас, каб пабачыць і паразмаўляць. Бо за надзею Ізраіля я закаваны ў ланцугі гэтыя». 
Яны ж сказалі да яго: «Мы ані лістоў адносна цябе не атрымалі з Юдэі, ані ніхто з братоў, што прыходзілі, не абвяшчаў і не гаварыў пра цябе нічога злога. 
Лічым жа вартым пачуць ад цябе, як ты думаеш, бо пра герэзію гэтую вядома нам, што ўсюды ёй працівяцца». 
Вызначыўшы ж яму дзень, большасьць прыйшла да яго ў гасподу. І ён з ранку да вечара выкладаў ім, сьведчачы пра Валадарства Божае і пераконваючы іх пра Ісуса з Закону Майсея і Прарокаў. 
І адны былі перакананыя сказаным, а другія ня верылі. 
І, не згаджаючыся між сабою, яны пайшлі, калі Павал сказаў адно слова: «Добра сказаў да бацькоў нашых Дух Сьвяты праз прарока Ісаю, кажучы: 
“Ідзі да народу гэтага і скажы: ‘Слыхам пачуеце, і не зразумееце; і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце, 
бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх’.” 
Дык няхай будзе вам вядома, што паганам паслана збаўленьне Божае, яны і пачуюць». 
І, як ён гэта сказаў, Юдэі выйшлі, маючы між сабою шмат спрэчак. 
А Павал цэлыя два гады заставаўся ў сваёй нанятай кватэры і прымаў усіх, якія прыходзілі да яго, 
абвяшчаючы Валадарства Божае і навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагаю без перашкоды.
