﻿ЯНА.
2.
На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісуса была там. 
Быў таксама запрошаны і Ісус, і вучні Ягоныя на вясельле. 
І, як не хапіла віна, маці Ісуса кажа Яму: «Віна ня маюць». 
Кажа ёй Ісус: «Што Мне і табе, жанчына? Гадзіна Мая яшчэ не прыйшла». 
Гаворыць маці Ягоная слугам: «Што Ён вам скажа, зрабіце». 
Было ж там шэсьць каменных глякоў, якія стаялі дзеля ачышчэньня юдэйскага і зьмяшчалі дзьве ці тры меры. 
Кажа ім Ісус: «Напоўніце вадою глякі». І напоўнілі іх да верху. 
І кажа ім: «Чэрпайце цяпер і нясіце да маршалка». І занесьлі. 
Калі ж маршалак пакаштаваў вады, якая сталася віном, — а ён ня ведаў, адкуль яно, слугі ж, якія налівалі ваду, ведалі, — кліча жаніха 
і кажа яму: «Кожны чалавек перш падае добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль». 
Так зрабіў Ісус у Кане Галілейскай пачатак знакам і выявіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя. 
Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капэрнаум, Сам і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і заставаліся там некалькі дзён. 
І была блізка Пасха юдэйская, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім. 
І знайшоў у сьвятыні тых, што прадавалі валоў, авечак і галубоў, і мянялаў, якія там сядзелі. 
І, зрабіўшы біч з вяровак, Ён выгнаў са сьвятыні ўсіх, а таксама авечак і валоў, і грошы мянялам рассыпаў, і сталы іх абярнуў; 
і сказаў тым, што прадавалі галубоў: «Забярыце гэта адсюль і не рабіце дом Айца Майго домам гандлю». 
І ўзгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасьць пра дом Твой зьядае Мяне». 
Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Які знак пакажаш нам, што гэтак робіш?» 
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Зруйнуйце гэтую бажніцу, і Я ў тры дні адбудую яе». 
Сказалі тады Юдэі: «Сорак шэсьць гадоў будавалася бажніца гэтая, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?» 
А Ён гаварыў пра бажніцу цела Свайго. 
Калі ж Ён уваскрос з мёртвых, узгадалі вучні Ягоныя, што Ён казаў гэтае, і паверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Ісус. 
Калі ж Ён быў у Ерусаліме на Пасху ў сьвяты, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія Ён чыніў. 
Але Сам Ісус не даверыўся ім, бо ведаў усіх 
і ня меў патрэбы, каб хто сьведчыў пра чалавека, бо Ён ведаў, што было ў чалавеку. 
