﻿ЛУКІ.
24.
А ў першы дзень пасьля суботы вельмі рана прыйшлі яны да магілы, несучы падрыхтаваныя духмянасьці, і разам з імі некаторыя другія. 
І знайшлі камень, адвалены ад магілы. 
І ўвайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса. 
І сталіся яны зьбянтэжаныя ад гэтага, і вось, сталі перад імі два мужы ў бліскучым адзеньні. 
Калі ў страху схілілі яны абліччы да зямлі, тыя сказалі ім: «Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? 
Яго няма тут, але Ён уваскрос. Узгадайце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, 
кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць выдадзены ў рукі людзей грэшных, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць». 
І ўзгадалі яны словы Ягоныя. 
І, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі пра гэта ўсім Адзінаццаці і ўсім іншым. 
А былі гэта Марыя Магдалена, і Яанна, і Марыя Якубава, і іншыя з імі, што сказалі пра гэта апосталам. 
І падаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім. 
А Пётар, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць прасьціну, што ляжала асобна, і адыйшоў, зьдзіўляючыся ў сабе з таго, што сталася. 
І вось, у той жа дзень двое з іх ішлі ў мястэчка, што на адлегласьці ў шэсьцьдзесят стадыяў ад Ерусаліму, называнае Эмаус. 
І яны гутарылі між сабою пра ўсе гэтыя здарэньні. 
І сталася, калі яны гутарылі і разважалі між сабою, вось, Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі. 
Вочы ж іхнія былі стрыманыя, дык не пазналі Яго. 
Ён жа сказаў ім: «Што гэта за словы вы гаворыце між сабою, ідучы, і чаму вы панурыя?» 
Адказваючы, адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму: «Ці ты адзін з вандроўнікаў у Ерусаліме і ня ведаеш, што сталася ў ім у гэтыя дні?» 
І Ён сказаў ім: «Што?» Яны ж сказалі Яму: «Пра Ісуса з Назарэту, Які быў прарок, магутны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам; 
як выдалі Яго першасьвятары і начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і ўкрыжавалі Яго? 
А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, Які мае адкупіць Ізраіль. Але да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзень сёньня, як тое сталася. 
Але некаторыя жанчыны з нашых зьдзівілі нас: быўшы раніцай ля магілы 
і не знайшоўшы цела Ягонага, яны прыйшлі, кажучы, што ўгледзелі відзеж анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы. 
І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і знайшлі так, як і казалі жанчыны, а Яго ня бачылі». 
І Ён сказаў ім: «О, бяздумныя і павольныя сэрцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі! 
Ці ж ня гэтак трэба было цярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?» 
І, пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім усё, што напісана пра Яго. 
І наблізіліся яны да таго мястэчка, куды ішлі; і Ён паказаў, што ідзе далей. 
І яны затрымлівалі Яго, кажучы: «Застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся да вечара». І Ён увайшоў, каб застацца з імі. 
І сталася, калі Ён узьлягаў разам з імі, Ён, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў і даў ім. 
І адчыніліся вочы іхнія, і яны пазналі Яго, а Ён стаўся нябачным для іх. 
І казалі яны адзін аднаму: «Ці ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі адчыняў нам Пісаньне?» 
І, устаўшы ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам Адзінаццаць і тых, што з імі, 
якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону. 
І яны распавялі, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хлеба. 
Калі ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стаў сярод іх і кажа ім: «Супакой вам!» 
Яны, жахнуўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа. 
І Ён сказаў ім: «Што вы стрывожыліся? І чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя? 
Паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае, бо гэта Я Сам. Дакраніцеся да Мяне і пабачце, бо дух цела і костак ня мае, што, як бачыце, Я маю». 
І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі. 
Калі ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і зьдзіўляліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут якую ежу?» 
Яны ж далі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду. 
І, узяўшы, Ён еў перад імі. 
І сказаў ім: «Вось тыя словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што мусіць споўніцца ўсё, што напісана пра Мяне ў Законе Майсея, і ў Прарокаў, і ў Псальмах». 
Тады адчыніў ім розум дзеля зразуменьня Пісаньня. 
І сказаў ім: «Так напісана і так належала цярпець Хрысту, і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень. 
І будзе абвешчана ў імя Ягонае навяртаньне і адпушчэньне грахоў у-ва ўсіх народах, пачынаючы ад Ерусаліму. 
А вы — сьведкі гэтага. 
І вось, Я пасылаю абяцаньне Айца Майго на вас. Вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не апранецеся моцаю звыш». 
І вывеў іх вонкі да Бэтаніі, і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх. 
І сталася, калі дабраслаўляў іх, стаў аддаляцца ад іх і быў узьнесены ў неба. 
І яны, пакланіўшыся Яму, вярнуліся ў Ерусалім з вялікай радасьцю, 
і былі ўсьцяж у сьвятыні, хвалячы і дабраслаўляючы Бога. Амэн.
