﻿МАЦЬВЕЯ.
26.
І сталася, калі Ісус скончыў усе гэтыя словы, сказаў вучням Сваім: 
«Вы ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне». 
Тады сабраліся першасьвятары, і кніжнікі, і старшыні народу на падворак першасьвятара на імя Каяфа. 
І радзіліся яны, каб узяць Ісуса подступам і забіць. 
Але казалі: «Ня ў сьвята, каб ня сталася замяшаньня ў народзе». 
А Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага. 
Падыйшла да Яго жанчына, якая мела алябастравы збанок міра шматкаштоўнага, і выліла на галаву Ягоную, калі Ён узьлягаў. 
Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя абурыліся, кажучы: «Навошта гэткае марнаваньне? 
Бо можна было добра прадаць гэтае міра і раздаць убогім». 
А Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: «Што робіце прыкрасьць жанчыне? Бо яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне. 
Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце. 
Бо выліўшы міра гэтае на цела Маё, яна ўчыніла гэта на пахаваньне Маё. 
Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе». 
Тады пайшоў адзін з Дванаццаці, называны Юда Іскарыёт, да першасьвятароў. 
Ён сказаў: «Што хочаце мне даць, і я вам выдам Яго?» А яны паставілі яму трыццаць срэбнікаў. 
І з таго часу ён шукаў нагоды, каб выдаць Яго. 
А ў першы дзень Праснакоў падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы Яму: «Дзе хочаш падрыхтаваць Табе есьці Пасху?» 
Ён жа сказаў: «Ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: “Настаўнік гаворыць: 'Час Мой блізкі; у цябе ўчыню Пасху з вучнямі Маімі'”». 
І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус; і падрыхтавалі Пасху. 
А калі настаў вечар, Ён узьлёг з Дванаццацьцю. 
І, калі яны елі, Ён сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне». 
І, надта засмуціўшыся, яны пачалі гаварыць Яму, кожны з іх: «Ці ня я, Госпадзе?» 
Ён жа, адказваючы, сказаў: «Той, які мачае са Мною руку ў місе, гэты выдасьць Мяне. 
Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б яму, каб ня быў нарадзіўшыся чалавек гэты». 
Адказваючы, Юда, які выдаў Яго, сказаў: «Ці ня я, Раббі?» Кажа яму: «Ты сказаў». 
Калі ж яны елі, Ісус узяў хлеб, і, дабраславіўшы, паламаў, і даў вучням, і сказаў: «Бярыце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё». 
І, узяўшы келіх і падзякаваўшы, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе, 
бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх дзеля адпушчэньня грахоў. 
Кажу ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду яго піць з вамі новае ў Валадарстве Айца Майго». 
І, засьпяваўшы, яны пайшлі на гару Аліўную. 
Тады кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся дзеля Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі статку”. 
Але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею». 
Адказваючы, Пётар сказаў Яму: «Калі і ўсе згоршацца дзеля Цябе, я ніколі ня згоршуся». 
Сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне». 
Кажа Яму Пётар: «Калі б мусіў і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Таксама гаварылі і ўсе вучні. 
Тады ідзе з імі Ісус у месца, званае Гетсэманія, і кажа вучням: «Пасядзіце тут, пакуль Я, адыйшоўшы, памалюся там». 
І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэя, пачаў тужыць і сумаваць. 
Тады кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце са Мною». 
І, адыйшоўшыся трохі, упаў на аблічча Сваё, молячыся і кажучы: «Ойча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне келіх гэты; аднак не як Я хачу, але як Ты». 
І прыходзіць да вучняў, і знаходзіць іх у сьне, і кажа Пятру: «Гэтак не маглі вы і аднае гадзіны чуваць са Мною? 
Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу. Сапраўды, дух ахвочы, а цела кволае». 
Ізноў, другі раз адыйшоўшы, маліўся, кажучы: «Ойча Мой! Калі ня можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яго, няхай станецца воля Твая!» 
І, прыйшоўшы, знаходзіць іх ізноў у сьне; бо вочы іхнія абцяжэлі. 
І, пакінуўшы іх, адыйшоўшы, маліўся трэці раз, кажучы тое самае слова. 
Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: «Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў. 
Уставайце, хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае». 
І калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, і з ім шматлікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў і старшыняў народу. 
А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён; бярыце Яго». 
І адразу, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: «Радуйся, Раббі!», і пацалаваў Яго. 
А Ісус сказаў яму: «Дружа, дзеля чаго ты прыйшоў?» Тады тыя, што прыйшлі, усклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго. 
І вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выхапіў меч свой і, ударыўшы слугу першасьвятара, адсек яму вуха. 
Тады кажа яму Ісус: «Вярні меч твой на месца ягонае; бо ўсе, што ўзялі меч, ад мяча загінуць. 
Ці ты думаеш, што Я ня маю сілы цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён паставіць побач Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? 
Як жа споўніцца Пісаньне, што гэта мусіць стацца?» 
У тую гадзіну сказаў Ісус натоўпу: «Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я з вамі, навучаючы ў сьвятыні, і вы не хапалі Мяне. 
А гэта ўсё сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў». Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі. 
А тыя, што схапілі Ісуса, завялі Яго да першасьвятара Каяфы, дзе былі сабраныя кніжнікі і старшыні. 
Пётар жа ішоў за Ім здалёк аж да падворку першасьвятара; і, увайшоўшы ў сярэдзіну, сеў з паслугачамі, каб бачыць канец. 
А першасьвятары і старшыні, і ўвесь сынэдрыён шукалі фальшывага сьведчаньня супраць Ісуса, каб забіць Яго. 
І не знаходзілі; і многія фальшывыя сьведкі, што прыходзілі, не знайшлі. Нарэшце, два фальшывыя сьведкі, якія прыйшлі, 
сказалі: «Ён прамаўляў: “Магу зруйнаваць бажніцу Божую і ў тры дні збудаваць яе”». 
І, устаўшы, першасьвятар сказаў Яму: «Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?» 
А Ісус маўчаў. І, адказваючы, першасьвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам жывым, каб Ты сказаў нам, ці Ты — Хрыстос, Сын Божы?» 
Кажа яму Ісус: «Ты сказаў. Да таго кажу вам: адгэтуль угледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і ідзе на аблоках нябесных». 
Тады першасьвятар разьдзёр шаты свае, кажучы: «Ён блюзьніць! Якую яшчэ маем патрэбу ў сьведках? Вось, цяпер вы пачулі блюзьнерства Ягонае. 
Што вы думаеце?» Яны ж, адказваючы, сказалі: «Ён варты сьмерці». 
Тады плявалі Яму ў аблічча і білі Яго; а іншыя білі Яго па шчоках, 
кажучы: «Праракуй нам, Хрыстос, хто ўдарыў Цябе?» 
А Пётар сядзеў звонку, на падворку, і падыйшла да яго адна служка, кажучы: «І ты быў з Ісусам Галілейцам». 
Ён жа адрокся перад усімі, кажучы: «Ня ведаю, што ты кажаш». 
Калі ж ён выходзіў за браму, убачыла яго другая і кажа тым, якія былі там: «І гэты быў з Ісусам з Назарэту». 
І ён ізноў адрокся з прысягаю, што ня ведае Чалавека Гэтага. 
Неўзабаве тыя, што падыйшлі і стаялі там, сказалі Пятру: «Праўда, і ты з іх, бо і гаворка твая выяўляе цябе». 
Тады ён пачаў бажыцца і прысягаць, што ня ведае Чалавека Гэтага. І адразу запяяў певень. 
І ўзгадаў Пётар слова Ісуса, сказанае яму: «Перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, заплакаў горка. 
