﻿ЭКЛЕЗІЯСТ.
7.
Лепш добрае iмя, чым добры алей, і лепш дзень сьмерцi, чым дзень нараджэньня. 
Лепш iсьцi ў дом жалобы, чым ісьці ў дом сьвяткаваньня, бо там — канец кожнага чалавека, і чалавек жывы складае гэта ў сэрцы сваім. 
Лепш смутак, чым сьмех, бо праз засмучанае аблічча будзе лепшым сэрца. 
Сэрца мудрых — у доме жалобы, а сэрца дурняў — у доме радасьці. 
Лепш чалавеку слухаць дакараньні мудрага, чым слухаць сьпеў дурняў. 
Бо сьмех дурня — як трэскат трэсак пад гаршчком. І гэта таксама марнасьць. 
Бо прыгнёт іншых мудрага робіць шалёным, і падарунак псуе сэрца. 
Лепш канец справы, чым яе пачатак, лепш павольны на гнеў, чым фанабэрысты. 
Ня будзь хуткі да гневу ў духу тваім, бо гнеў жыве ў заўлоньні дурняў. 
Не кажы: “Што гэта такое, што ранейшыя дні былi лепшыя, чым цяперашнiя?”, бо ня з мудрасьці ты пытаешся пра гэта. 
Добрая мудрасьць разам са спадчынай, асабліва для таго, хто бачыць сонца. 
Бо ў ценю мудрасьці як у ценю срэбра; і карысьць веданьня ў тым, што мудрасьць дае жыцьцё таму, хто мае яе. 
Паглядзі на справы Божыя, бо хто можа выпрастаць тое, што Ён скрывіў. 
У дзень добры карыстайся з добрага, а ў дзень лiхi ўбач, што адно зрабіў Бог насупраць другога, так што не знойдзе чалавек, што будзе пасля яго. 
Усё гэта я бачыў у дні марнасьці маёй: вось, праведнік гiне ў праведнасьці сваёй, і вось бязбожнік доўга жыве ў лiхоце сваёй. 
Ня будзь залішне праведны, i ня будзь надта мудры! Навошта маеш нішчыць сам сябе? 
Не асуджай залішне і ня будзь дурнем! Навошта табе паміраць не ў свой час? 
Добра, калi будзеш трымацца аднаго, i ад другога не прыбірай рукi тваёй, бо той, хто баiцца Бога, пазьбегне ўсяго гэтага. 
Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе. 
Бо няма на зямлi чалавека праведнага, які робіць дабро i не грашыць. 
Таксама кожнае слова, што гавораць, не ўкладай у сэрца тваё, і ня слухай, як слуга твой праклiнае цябе; 
бо ведае сэрца тваё, што ты шмат разоў таксама праклiнаў іншых. 
Усё гэта я выпрабаваў мудрасьцю, я сказаў: “Я буду мудрым”, але мудрасьць далёка ад мяне. 
Далёка тое, што ўжо было, i глыбокае, глыбокае. Хто знойдзе яго? 
Зьвярнуў я сэрца маё, каб спазнаць і дасьледаваць, і шукаць мудрасьць i разуменьне, i каб спазнаць, што бязбожнасьць — дурасьць, а глупота — шаленства. 
І знайшоў я, што гарчэйшая за сьмерць жанчына, у якой сэрца як пастка і сіло, а рукі ейныя — як путы. Хто добры перад абліччам Бога, той уратуецца ад яе; а грэшнiк будзе злоўлены ёю. 
Вось гэта я знайшоў, сказаў Эклезiяст, адно з другiм дасьледуючы, каб знайсьцi разуменьне. 
Чаго яшчэ шукала душа мая i не знайшла? Чалавека аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод усіх іх не знайшоў. 
Вось толькi гэта я знайшоў, што Бог зрабіў чалавека правым, а яны шукаюць усялякія прыдумкі. 
