﻿ЭКЛЕЗІЯСТ.
6.
Ёсьць ліха, якое я бачыў пад сонцам, і цяжкае яно для чалавека: 
Чалавек, якому Бог дае багацьце, i маёмасьць, i славу, i няма нiякай нястачы для душы ягонай нi ў чым, чаго не пажадаў бы ён, і не дае яму Бог улады, каб спажыць гэта, але чужы чалавек спажывае тое. Гэта марнасьць i ліхая немач. 
Калi б нарадзiў чалавек сто дзяцей, i пражыў шмат гадоў, i было б шмат дзён гадоў ягоных, але душа ягоная не насыцiлася дабром, i нават не было б магілы для яго, я скажу, што лепшая доля спарона, чым таго чалавека. 
Бо ён прыйшоў як марнасьць, i ў цемру ідзе, і цемраю пакрыта iмя ягонае, 
нават ня ўбачыў ён сонца, i нічога не спазнаў, але мае большы спакой, чым чалавек той. 
І хоць бы той чалавек жыў дзьве тысячы гадоў, i ня ўбачыў дабра, цi ж не ў адно месца ўсе ідуць? 
Уся цяжкая праца чалавека — дзеля вуснаў ягоных, але душа ягоная не насычаецца. 
Бо чым лепшы мудры за дурня? Чым лепшы прыгнечаны, які ведае, як хадзiць перад жывымi? 
Лепш тое, што бачаць вочы, чым тое, куды імкнецца душа. Таксама гэта — марнасьць i пагоня за ветрам. 
Хто як названы, такое iмя ягонае; i вядома, што ён — чалавек, i ня можа ён судзіцца з тым, хто мацнейшы за яго. 
Дзе шмат слоў, там памнажаецца марнасьць; i што мае з гэтага чалавек? 
Бо хто ведае, што добра для чалавека ў жыцьцi, у палічаных днях марнага жыцьця, якое праходзіць, як цень? І хто распавядзе чалавеку, што будзе пасьля яго пад сонцам? 
