﻿КНІГА ЭКЛЕЗІЯСТА.
1.
 Слова Эклезiяста, сына Давiда, валадара ў Ерусалiме. 
Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезiяст, марнасьць марнасьцяў, усё — марнасьць. 
Якая карысьць чалавеку з усёй цяжкай працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам? 
Пакаленьне адыходзiць i пакаленьне прыходзiць, а зямля на вякі трывае. 
Узышло сонца, i зайшло сонца, i сьпяшаецца на месца сваё, дзе яно ўзыходзiць. 
Вецер ідзе на поўдзень i паварочвае на поўнач, кружляючы, кружляе, дзьме вецер і вяртаецца вецер на кружэньне сваё. 
Усе рэкi цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, з якога рэкi цякуць, вяртаюцца яны, каб зноў адтуль выцякаць. 
Усе словы стамляюць, ня можа чалавек выказаць усяго. Не насыцiцца вока гляджэньнем, i не напоўнiцца вуха слуханьнем. 
Што было, тое i будзе, а што рабілася, тое i будзе рабіцца, i няма нiчога новага пад сонцам. 
Бывае рэч, пра якую кажуць: “Глядзi, вось гэта новае”, але гэта было ўжо ў вяках, што былі перад намi. 
Няма памяцi пра тых, што раней жылi, і таксама пра тых, што потым жыць будуць, ня будзе памяці ў тых, якія будуць пасьля іх. 
Я, Эклезiяст, быў валадаром Iзраіля ў Ерусаліме. 
І аддаў я сэрца маё, каб шукаць i дасьледаваць з мудрасьцю ўсё, што дзеецца пад небам. Гэты кепскі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб былі занятыя iм. 
Глядзеў я на ўсе справы, якія робяцца пад сонцам; i вось, ўсё — марнасьць i пагоня за ветрам. 
Крывое ня можна зрабіць простым, і тое, чаго няма, нельга палiчыць. 
Сказаў я ў сэрцы маiм, кажучы: “Вось, я ўзьвялічыўся i прыдбаў мудрасьцi больш за ўсiх, што былі раней за мяне ў Ерусалiме; і сэрца маё ўбачыла шмат мудрасьцi i веданьня”. 
І аддаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасьць і пазнаць шаленства i глупоту; і спазнаў, што і гэта — турбаваньне духа. 
Бо з вялiкай мудрасьцi шмат смутку, і хто павялiчвае веданьне, павялiчвае боль. 
