﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
26.
Як сьнег улетку, а дождж у жніво, так дурню не пасуе слава. 
Як птушка пераляціць і як ластаўка паляціць, так праклён беспрычынны ня збудзецца. 
Пуга — для каня, аброць — для асла, а кій — на сьпіну дурня. 
Не адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ты падобным да яго. 
Адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ён мудрым у вачах сваіх. 
Падцінае сабе ногі і п’е сваю шкоду той, хто праз рукі дурня слова пасылае. 
Няроўныя ногі кульгавага, таксама пры?казка ў вуснах дурня. 
Як прывязваць камень да вяроўкі, так аддаваць пашану дурню. 
Як калючка ў руцэ п’янага, так прыказка ў вуснах дурня. 
Вяльможны робіць усё: і дурня наймае, і мінака наймае. 
Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурань паўтарае дурасьць сваю. 
Ці бачыў ты чалавека, мудрага ў вачах сваіх? На дурня большая надзея, чым на такога. 
Гультай кажа: «Леў на шляху! Леў на плошчы!» 
Дзьверы варочаюцца на завесах сваіх, а гультай — на ложку сваім. 
Гультай хавае руку сваю ў місе, і яму цяжка падняць яе да вуснаў сваіх. 
Гультай мудрэйшы ў сваіх вачах за сямёх, што адказваюць з разуменьнем. 
Хапае сабаку за вушы той, хто мяшаецца ў чужую спрэчку. 
Як вар’ят, які кідае агонь, стрэлы і сьмерць, 
так чалавек, які падманвае бліжняга свайго і кажа: «Гэта я жартую». 
Калі няма дроваў, агонь гасьне, калі няма пляткара, звадка сьціхае. 
Вугаль — для жару, дровы — для агню, а чалавек сварлівы — для распальваньня спрэчкі. 
Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра. 
Як гліна, паліваная срэбрам з жужалем, так гарачыя вусны і ліхое сэрца. 
Ненавісьнік прыкрываецца вуснамі сваімі, а ў нутры сваім рыхтуе ашуканства. 
Калі ён робіць лагодным голас свой, ня вер яму, бо сем брыдотаў у сэрцы ягоным. 
Чыя нянавісьць прыхоўваецца ашуканствам, таго ліхота выявіцца перад грамадою. 
Хто капае яму, той уваліцца ў яе, і хто пакоціць камень, на таго ён вернецца. 
Брахлівы язык ненавідзіць пакрыўджаных ім, і вусны лісьлівыя вядуць да загубы. 
