﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
21.
Сэрца валадара ў руцэ ГОСПАДА, як ручаі водаў, Ён скіроўвае яго, куды хоча. 
Усе шляхі чалавека слушныя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае сэрцы. 
Праведнасьць і суд даспадобы ГОСПАДУ больш, чым ахвяра. 
Узьнесеныя вочы і надзьмутае сэрца — баразна бязбожных, і гэта грэх. 
Думкі руплівага прыносяць прыбытак, а кожнага нецярплівага — нястачу. 
Зьбіраньне скарбаў языком падманлівым — пара, што зьнікае, шуканьне сьмерці. 
Злачыннасьць бязбожнікаў зьвернецца на іх, бо яны грэбуюць чыніць суд справядлівы. 
Крывы шлях чалавека нягоднага, а справы чыстага — простыя. 
Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме. 
Душа бязбожніка жадае зла, ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных бліжні яго. 
Калі караюць насьмешніка, неразумны стаецца мудрэйшым, і калі мудрага вучаць, ён здабывае веданьне. 
Разважае праведнік пра дом бязбожніка, як гінуць бязбожнікі ў ліхоцьці сваім. 
Хто вушы свае затыкае на крык убогага, той сам будзе клікаць, але ня будзе адказу. 
Падарунак таемны тушыць гнеў, а гасьцінец у заўлоньне — вялікую ярасьць. 
Правасудзьдзе — радасьць для праведніка і загуба для злачынцаў. 
Чалавек, што зьбіваецца са шляху розуму, супачы?не ў грамадзе памёршых. 
Хто любіць весяліцца, будзе ў нястачы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым. 
Вы?купам за праведніка будзе бязбожнік, а за правага — ліхадзей. 
Лепш жыць у зямлі пустыннай, чым з жонкай гняўлівай і сварлівай. 
Прывабныя скарбы і алей у жытле мудрага, а бязглузды чалавек змарнуе іх. 
Хто імкнецца да праведнасьці і міласэрнасьці, знойдзе жыцьцё, праведнасьць і славу. 
Мудры ўвойдзе ў горад магутных і зрыне моц, у якой яны мелі пэўнасьць. 
Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу сваю ад бедаў. 
Пыхлівы і дзёрзкі, называны блюзьнерам, робіць усё ў шале нахабства. 
Жаданьне гультая заб’е яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца працаваць. 
Кожны дзень ён жадае і прагне, а праведнік дае і не шкадуе. 
Ахвяра бязбожнікаў — брыдота, тым больш тыя, якія складаюць яе з падступнасьцю. 
Сьведка хлусьлівы згіне, а чалавек, які слухае, будзе гаварыць заўсёды. 
Чалавек бязбожны ўпарты абліччам сваім, а правы разумее шлях свой. 
Няма мудрасьці, і няма розуму, і няма рады насуперак ГОСПАДУ. 
Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад ГОСПАДА. 
