﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
20.
Віно зьдзеклівае, сікера галасьлівая, і кожны, хто блукае з імі, ня мае мудрасьці. 
Ярасьць валадара — як рыканьне ільва, хто выклікае яе, грашыць супраць душы сваёй. 
Слава для чалавека — пакінуць спрэчку, а ўсе неразумныя задзірлівыя. 
Дзеля холаду гультай ня хоча араць, таму будзе прасіць у час жніва, і не атрымае нічога. 
Намеры ў сэрцы чалавека — глыбокія воды, але разумны чалавек вычэрпвае іх. 
Багата людзей абвяшчае пра міласэрнасьць сваю, але праўдамоўнага чалавека хто можа знайсьці? 
Праведнік ходзіць у беззаганнасьці сваёй, шчасьлівыя сыны ягоныя пасьля яго. 
Валадар, які сядзіць на судовым пасадзе, расьцярушвае вачыма сваімі ўсякую ліхоту. 
Хто можа сказаць: «Я ачысьціў сэрца маё, я чысты ад грэху майго»? 
Неаднолькавыя вагі і неаднолькавая эфа, адно і другое — агіда для ГОСПАДА. 
Нават у юнака па паводзінах можна зразумець, ці чыстыя, ці правыя справы ягоныя. 
Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць, — ГОСПАД зрабіў і адно, і другое. 
Не любі спаць, каб табе не зьбяднець, адкрый вочы свае, і насыцішся хлебам. 
«Дрэннае, дрэннае», — кажа пакупнік, а калі адыдзецца, тады хваліцца. 
Ёсьць золата і мноства пэрлінаў, але найкаштоўнейшая рэч — вусны разумныя. 
Забяры адзеньне яго, бо ён паручы?ўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго. 
Салодкі чалавеку хлеб ашуканства, але потым пяском напоўняцца вусны ягоныя. 
Думкі ўмацоўваюцца парадамі, і з разважлівасьцю вядзі вайну. 
Хто ходзіць абмоўнікам, той выяўляе таямніцы, дык ня зьвязвайся з тым, хто рот свой разьзяўляе. 
Хто кляне бацьку свайго і маці сваю, у таго сьветач патухне сярод глыбокай цемры. 
Спадчына, спачатку пасьпешліва здабытая, ня будзе пры канцы дабраслаўлёная. 
Не кажы: «Я адплачу за зло», спадзявайся на ГОСПАДА, і Ён вы?бавіць цябе. 
Агіда для ГОСПАДА — неаднолькавыя вагі, і шалі падманлівыя — ня добра. 
Ад ГОСПАДА крокі чалавека, і як жа чалавеку зразумець шлях свой? 
Пастка для чалавека — пасьпешліва зрабіць шлюбаваньне, а пасьля абяцаньня разважаць. 
Мудры валадар расьцярушыць бязбожнікаў і зьверне на іх кола малатарнае. 
Сьветач ГОСПАДАЎ — дух чалавечы, ён дасьледуе ўсе сховы нутра. 
Міласэрнасьць і праўда ахоўваюць валадара, і міласэрнасьцю ўмацоўваецца пасад ягоны. 
Слава юнакоў — сіла іхняя, а веліч старых — сівізна. 
Вы?тні і раны — лекавальная масьць ад ліхоты, і ўдары ў глыбіню нутра. 
