﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
19.
Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым крывадушны вуснамі сваімі, і да таго ж дурны. 
Таксама нядобра душы бяз ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі сваімі, згрэшыць. 
Неразумнасьць чалавека кры?віць шлях ягоны, але сэрца ягонае гневаецца на ГОСПАДА. 
Маёмасьць дадае шматлікіх сяброў, а ўбогага пакідае бліжні ягоны. 
Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, не ўратуецца. 
Шмат хто паніжаецца перад магнатам, і кожны — бліжні чалавеку, які дае падарункі. 
Усе браты беднага ненавідзяць яго, тым больш сябры ягоныя аддаляюцца ад яго; той бяжыць, каб паразмаўляць, але іх няма. 
Хто набывае розум, той любіць душу сваю, хто шукае разважлівасьці — знаходзіць дабро. 
Сьведка фальшывы не пазьбегне пакараньня, і хто дыхае няпраўдай, загіне. 
Не пасуе дурню раскоша, тым больш слузе мець уладу над князямі. 
Розум чалавека стрымлівае гнеў ягоны, і слава яго — у прабачэньні правінаў. 
Гнеў валадара — як ры?каньне ільва, а зычлівасьць ягоная — як раса на траве. 
Неразумны сын — загуба для бацькі, а сварлівая жонка — як няспыннае капаньне праз дах. 
Дом і маёмасьць — спадчына ад бацькоў, але разумная жонка — ад ГОСПАДА. 
Лянота кідае ў сон, і нядбайная душа будзе цярпець голад. 
Хто захоўвае прыказаньні — захоўвае душу сваю, хто не шануе шлях Яго — памрэ. 
Хто літуецца над убогім, той пазычае ГОСПАДУ, за дабрадзейства Ён аднагародзіць яму. 
Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і няхай не спрычы?ніцца да загубы яго душа твая. 
Зласьлівы няхай атрымае пакараньне, бо калі пашкадуеш яго, яшчэ больш павялічыш кару. 
Слухай парады і прыймай настаўленьне, каб стаўся ты мудрым пры канцы дзён. 
Шмат думак у сэрцы чалавека, але збудзецца намер ГОСПАДА. 
Пажаданая для чалавека міласэрнасьць ягоная, і бедны лепшы за чалавека хлусьлівага. 
Страх перад ГОСПАДАМ вядзе да жыцьця, і такі чалавек будзе жыць, і насыціцца, і зло не наведае яго. 
Гультай хавае руку сваю ў місе, але нават да вуснаў сваіх не падымае яе. 
Бі насьмешніка, і неразумны паразумнее, дакарай разумнага, і ён здабудзе веданьне. 
Руйнуе бацьку, выганяе маці сын, які прыносіць сорам і ганьбу. 
Перастань, сыне мой, слухаць настаўленьні, якія адводзяць ад словаў веданьня. 
Сьведка нягодны насьміхаецца над судом, і вусны бязбожнікаў глытаюць злачынства. 
Падрыхтаваныя прысуды для насьмешнікаў, а хвастаньне — на плечы дурняў. 
