﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
18.
Свавольны шукае свайго жаданьня і кожнай цьвярозай думцы працівіцца. 
Дурань ня хоча застанаўляцца, а толькі каб выявіць свой розум. 
Калі прыходзіць бязбожнік, прыходзіць пагарда, і разам з сорамам — ганьба. 
Словы вуснаў чалавечых — глыбокія воды, крыніца мудрасьці — бурлівы ручай. 
Нядобра зважаць на аблічча бязбожнага, каб паваліць праведнага на судзе. 
Словы дурня прыводзяць да спрэчкі, і вусны ягоныя выклікаюць бойку. 
Вусны дурня — ягоная загуба, а мова ягоныя — пастка для душы яго. 
Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра. 
Нядбайны ў рабоце сваёй — брат нішчыцеля. 
Імя ГОСПАДА — магутная вежа, пабяжыць туды праведнік і будзе ў бясьпецы. 
Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, уяўляецца яна яму як муры? высокія. 
Перад загубай вывышаецца сэрца чалавека, а ўпакораньне папераджае славу. 
Хто дае адказ раней, чым выслухае, той неразумны, і сорам яму. 
Дух чалавека пераносіць немач сваю, але дух маркотны хто можа ўзьняць. 
Сэрца разважнае набывае веды, і вуха мудрых шукае веданьня. 
Падарунак чалавека дае яму прастору і да вялікіх прывядзе яго. 
Першы ў спрэчцы сваёй падаецца справядлівым, але прыйдзе бліжні ягоны і выспрабуе яго. 
Жэрабя спыняе сваркі і дзеліць між магутнымі. 
Пакрыўджаны брат — як умацаваны горад, а сваркі — як завалы ў замку. 
З плоду вуснаў сваіх насыціць чалавек нутро сваё, з прыбыткаў губаў сваіх насыціцца. 
Сьмерць і жыцьцё ў руцэ языка; хто любіць яго, будзе есьці плады ягоныя. 
Хто знайшоў жонку, той знайшоў добрае і атрымаў ласку ад ГОСПАДА. 
Бедны гаворыць, умольваючы, а багаты адказвае груба. 
Чалавек, які мае сяброў, сам павінен быць сяброўскі, і бывае, што сябар больш любіць, чым брат. 
