﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
16.
Да чалавека належыць меркаваньне сэрца, але ад ГОСПАДА адказ языка. 
Усе шляхі чалавека чыстыя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае душы. 
Ускладзі на ГОСПАДА ўсе справы свае, і ўсе намеры твае зьдзейсьняцца. 
Усё зрабіў ГОСПАД дзеля Сябе, і нават бязбожніка на дзень ліхі. 
Агіда для ГОСПАДА кожны пыхлівы сэрцам, можна паручы?цца, ён не застанецца непакараным. 
Міласэрнасьцю і праўдай адкупляецца беззаконьне, і страх ГОСПАДАЎ адводзіць ад зла. 
Калі ГОСПАДУ даспадобы шляхі чалавека, Ён нават ворагаў ягоных пагодзіць з ім. 
Лепш малое ў праведнасьці, чым багатыя прыбыткі ў беззаконьні. 
Сэрца чалавека абдумвае шлях свой, але ГОСПАД накіроўвае крокі ягоныя. 
Калі слова натхнёнае ў вуснах валадара, у судзе ня будзе падступным язык ягоны. 
Вага і шалі справядлівыя — ад ГОСПАДА, і ўсе камяні ваговыя ў торбе — справа Ягоная. 
Агіда для валадара — учынкі бязбожныя, бо пасад умацоўваецца праведнасьцю. 
Падабаюцца валадару вусны праведныя, і таго, хто гаворыць праўдзіва, ён любіць. 
Гнеў валадара — весьнік сьмерці, але мудры чалавек улагодзіць яго. 
У сьвятле аблічча валадара — жыцьцё, і зычлівасьць ягоная — як воблака з позьнім дажджом. 
Нашмат лепш прыдбаць мудрасьць, чым золата, і лепей прыдбаць розум, чым срэбра. 
Шырокая дарога правых — адвярнуцца ад зла; хто пільнуе шлях свой, той захоўвае душу сваю. 
Перад загубай ідзе пыхлівасьць, і перад падзеньнем — дух ганарысты. 
Лепш скарацца духам з пакорнымі, чым дзяліць здабычу з пыхліўцамі. 
Разважлівы ў слове знойдзе добрае, і той, хто спадзяецца на ГОСПАДА, — шчасьлівы. 
Мудрага сэрцам называюць разумным, і слодыч вуснаў павялічвае веды. 
Розум — крыніца жыцьця для тых, хто мае яго, але настаўленьне неразумных — глупства. 
Сэрца мудрага робіць разважлівымі вусны ягоныя і мове ягонай дадае ведаў. 
Прыемныя словы — сотавы мёд, асалода для душы і лекі для цела. 
Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці. 
Работнік цяжка працуе для сябе, бо рот ягоны прымушае яго. 
Чалавек нягодны ліхоцьце рыхтуе, і ў вуснах ягоных нібы агонь, які паліць. 
Чалавек падступны сее звадкі, і пляткар разьдзяляе сяброў. 
Чалавек злачынны зводзіць бліжняга свайго і вядзе яго на шлях нядобры, 
прыплюшчвае вочы свае, каб прыдумляць подступ, кры?віць губы свае, робячы ліха. 
Сівізна — слаўная карона, на шляху праведнасьці знаходзяць яе. 
Лепш павольны на гнеў, чым магутны, і той, які пануе над духам сваім, чым заваёўнік гораду. 
Жэрабя кідаюць у заўлоньне, але ад ГОСПАДА ўсе суды яго. 
