﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
15.
Лагодны адказ адхінае ярасьць, а слова абразьлівае выклікае гнеў. 
Язык мудрых прыносіць веды, а вусны неразумных выказваюць глупства. 
Вочы ГОСПАДА на кожным месцы, яны бачаць добрых і ліхіх. 
Здаровы язык — дрэва жыцьця, а зласьлівы — заламаньне духа. 
Неразумны грэбуе настаўленьнем бацькі, а хто зважае на дакараньні — разумнее. 
У доме праведніка шмат багацьця, а ў набытках бязбожніка — замяшаньне. 
Вусны мудрых сеюць веды, а сэрца бязглуздых не такое. 
Ахвяра бязбожнікаў — агіда для ГОСПАДА, а малітвы правых Яму даспадобы. 
Агіда для ГОСПАДА — шлях бязбожніка, а таго, хто імкнецца да праведнасьці, Ён любіць. 
Таму, хто ўхіляецца з дарогі, — строгая кара, і той, хто дакараньне ненавідзіць, — памрэ. 
Адхлань і пекла перад вачыма ГОСПАДА, а тым больш сэрцы сыноў чалавечых. 
Насьмешнік ня любіць таго, хто яго дакарае, і да мудрых ня пойдзе. 
Радаснае сэрца робіць аблічча вясёлым, а калі сэрца сумуе — дух разьбіты. 
Сэрца разумнае шукае веданьня, а вусны неразумных жывяцца дурнотаю. 
Усе дні прыгнечанага ліхія, а ў каго добра на сэрцы, у таго заўсёды бяседа. 
Лепш малое ў страху ГОСПАДАВЫМ, чым вялікія скарбы, а з імі трывога. 
Лепш крыху гародніны з любоўю, чым тлусты вол з нянавісьцю. 
Чалавек гняўлівы выклікае звадкі, а няскоры да гневу супакойвае спрэчку. 
Шлях гультая як жываплот з церня, а сьцежка правых — гладкая. 
Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны чалавек пагарджае маці сваёй. 
Дурасьць — радасьць для невука, а чалавек разумны ідзе простай дарогай. 
Бяз рады руйнуюцца намеры, а з мноствам дарадцаў яны зьдзяйсьняюцца. 
Радуецца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і якое добрае слова адпаведнае. 
Сьцежка жыцьця ў разважлівага вядзе ўгару, каб пазьбегнуць адхлані, якая ў доле. 
ГОСПАД развальвае дом пыхліўцаў, а мяжу ўдавы Ён вызначае. 
Агіда для ГОСПАДА — думкі бязбожных, а прамовы чыстыя прыемныя Яму. 
Нішчыць свой дом сквапны да зыску, а хто ненавідзіць падарункі, будзе жыць. 
Сэрца праведніка разважае адказ, а вусны бязбожнікаў вымаўляюць ліхоту. 
ГОСПАД далёка ад бязбожнікаў, але малітвы праведных Ён чуе. 
Сьвятло вачэй радуе сэрца, і добрая вестка ўмацоўвае косьці. 
Вуха, якое слухае дакараньні жыцьця, будзе жыць сярод мудрых. 
Хто адкідае настаўленьне, грэбуе душою сваёю, а хто слухае дакараньняў, здабывае розум. 
Страх ГОСПАДАЎ навучае мудрасьці, і ўпакораньне папераджае славу. 
