﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
14.
Мудрая жонка будуе сабе дом, а неразумная руйнуе яго сваімі рукамі. 
Хто ходзіць проста, той баіцца ГОСПАДА, а хто кры?віць шляхі свае, той грэбуе Ім. 
У вуснах неразумнага дубец пыхлівасьці, а вусны мудрых захоўваюць іх. 
Дзе няма скаціны, там ясьлі пустыя, але багата прыбытку ад сілы вала. 
Сьведка праўдзівы ня схлусіць, а сьведка фальшывы дыхае няпраўдай. 
Насьмешнік шукае мудрасьці, і яе няма, але веданьне лёгкае для разумнага. 
Адыйдзі ад чалавека дурнога, бо ня знойдзеш вуснаў разумных. 
Мудрасьць разумнага — разуменьне шляху свайго, а неразумнасьць дурняў — ашуканства. 
Неразумныя сьмяюцца з віны, а пасярод правых — зычлівасьць. 
Сэрца ведае горыч душы сваёй, і ў радасьць ягоную ня ўвойдзе чужынец. 
Дом бязбожнікаў будзе зьнішчаны, а намёт правых закрасуе. 
Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці. 
І ў часе сьмеху баліць сэрца, і заканчэньне радасьці — смутак. 
Падступны сэрцам насыціцца шляхамі сваімі, а добры чалавек — сваімі. 
Неразумны верыць кожнаму слову, а разумны разважае пра крокі свае. 
Мудры баіцца і адварочваецца ад зла, а дурны гняўлівы і самаўпэўнены. 
Скоры на гнеў робіць дурасьць, а чалавек зламысны зьненавіджаны. 
Неразумныя атрымліваюць у спадчыну дурасьць, а разумныя ўкарануюцца веданьнем. 
Ліхія паклоняцца перад добрымі, а бязбожнікі — каля брамаў праведнікаў. 
Бедны зьненавіджаны нават бліжнім сваім, але шмат тых, хто любіць багатага. 
Хто цураецца бліжняга свайго, той грашыць, а хто літуецца над бедным, той шчасьлівы. 
Ці ж не заблукалі тыя, якія задумляюць зло? Але міласэрнасьць і праўда будзе тым, якія задумляюць добрае. 
З кожнае працы будзе прыбытак, а ад пустых словаў — толькі нястача. 
Карона мудрых — багацьце іхняе, а вянок дурняў — глупства іхняе. 
Сьведка праўдзівы ратуе душы, а хлусьлівы дыхае няпраўдай. 
У страху перад ГОСПАДАМ моцная пэўнасьць, і для сыноў Сваіх Ён будзе прыстанішчам. 
Страх ГОСПАДАЎ — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці. 
У мностве народу веліч валадара, а ў малалікасьці людзей — загуба князя. 
У павольнага на гнеў багата розуму, а запальчывы выяўляе дурасьць. 
Лагоднае сэрца — жыцьцё для цела, а зайздрасьць — парахненьне косткам. 
Хто прыгнятае ўбогага, той зьневажае Творцу ягонага, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным. 
Бязбожнік будзе адкінуты за ліхоцьце сваё, а праведнік і пры сьмерці сваёй мае надзею. 
У сэрцы разумнага жыве мудрасьць, і паміж дурняў яна вядомая. 
Праведнасьць узвышае народ, а грэх — ганьба для народаў. 
Зычлівы валадар да слугі разумнага, але абурэньне ягонае на таго, хто асаромлівае яго. 
