﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
13.
Мудры сын слухае настаўленьне бацькі, а насьмешнік ня слухае дакараньня. 
З плоду вуснаў сваіх чалавек будзе жывіцца дабром, а душа ліхадзеяў — гвалтам. 
Хто захоўвае вусны свае, захоўвае душу сваю, а хто шырока адкрывае свой рот, будзе мець зьнішчэньне. 
Душа гультая жадае і ня мае нічога, а душа руплівага будзе насычаная. 
Праведнік ненавідзіць слова хлусьлівае, а бязбожнік ганьбіць і зьневажае сябе. 
Праведнасьць захоўвае таго, хто беззаганны ў шляху сваім, а бязбожнасьць губіць грэшніка. 
Адзін выдае сябе за багатага, нічога ня маючы, іншы выдае сябе за беднага, маючы шмат багацьця. 
Выкуп душы чалавека — багацьце ягонае, а бедны пагрозы ня чуе. 
Сьвятло праведных радасна зьзяе, а сьветач бязбожнікаў стухне. 
Пыхлівасьць толькі да звадкі прыводзіць, а ў тых, што парады прыймаюць, — мудрасьць. 
Багацьце, здабытае марным чынам, змалее, а хто зьбірае яго рукою сваёю, — памнажае яго. 
Спадзяваньне, якое доўжыцца, — боль сэрца, а зьдзейсьненае жаданьне — дрэва жыцьця. 
Хто пагарджае Словам, той будзе зьнішчаны, а хто баіцца прыказаньняў, атрымае ўзнагароду. 
Закон мудрага — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці. 
Добры розум дае зычлівасьць, а шлях ліхадзеяў цяжкі. 
Кожны разумны дзейнічае з веданьнем, а дурны выяўляе неразумнасьць. 
Бязбожны пасланец трапляе ў бяду, а верны пасол — аздараўленьне. 
Галеча і ганьба таму, хто адкідае настаўленьне, а той, хто прыймае дакараньні, будзе ў пашане. 
Споўненае жаданьне — асалода для душы, але адвярнуцца ад зла — агіда для дурня. 
Хто ходзіць з мудрым, будзе мудрым, а хто сябруе з дурнем, загалосіць. 
Ліха гоніцца за грэшнікамі, а праведным будзе аднагароджана дабром. 
Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшнікаў захоўваецца для праведных. 
Многа хлеба і на ніве бедных, але некаторыя гінуць, бо няма суду. 
Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына свайго, а хто любіць яго, той з маленства настаўляе яго. 
Праведнік есьць і насычае душу сваю, а нутро бязбожнікаў будзе ў нястачы. 
