﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
12.
Хто любіць настаўленьне, любіць веданьне, а хто ненавідзіць дакараньне, той дурань. 
Добры знойдзе ласку ў ГОСПАДА, але чалавека зламыснага Ён асудзіць. 
Ня будзе стаяць чалавек бязбожнасьцю, а корань праведных не захістаецца. 
Дабрадзейная жонка — карона для мужа свайго, а бессаромная — як гніль у костках ягоных. 
Думкі праведных слушныя, намеры бязбожнікаў падступныя. 
Словы бязбожнікаў цікуюць на кроў, але вусны правых ратуюць іх. 
Паваленыя бязбожнікі, і няма іх, а дом праведных будзе стаяць. 
Хваляць чалавека паводле розуму ягонага, але той, хто мае ліхое сэрца, будзе пагарджаны. 
Лепей быць простым і працаваць на сябе, чым выдаваць сябе за паважнага і ня мець хлеба. 
Праведнік рупіцца пра жыцьцё быдла свайго, а нутро бязбожных бязьлітаснае. 
Хто абрабляе сваю зямлю, той насыціцца хлебам, а хто ганяецца за марнасьцю, той ня мае розуму. 
Бязбожнік жадае злавіць у пасткі ліхоцьця, а корань праведных прыносіць плод. 
Ліхадзей заблытаецца праз правіны вуснаў сваіх, а праведнік выйдзе з бяды. 
З плоду вуснаў сваіх чалавек насыціцца дабром, і праца рук чалавека зьвернецца да яго. 
Шлях неразумнага слушны ў вачах ягоных, але мудры той, хто слухае параду. 
Гнеў неразумнага выяўляецца адразу, а разумны хавае зьнявагу. 
Хто дыхае праўдаю, той выкажацца праўдзіва, а сьведка фальшывы хлусіць. 
Ёсьць такі, што лапоча і раніць як мечам, а язык мудрага лечыць. 
Вусны праўдамоўныя трываць будуць вечна, а язык хлусьлівы — імгненьне. 
Ашуканства ў сэрцы тых, якія задумляюць ліхоту, а ў тых, якія радзяць мір, — радасьць. 
Не спаткае праведніка нічога благога, а ў бязбожніка будзе поўна няшчасьцяў. 
Агіда для ГОСПАДА вусны хлусьлівыя, а тыя, што дзейнічаюць сумленна, падабаюцца Яму. 
Чалавек разумны прыхоўвае веданьне, а сэрца дурняў абвяшчае глупства. 
Рука руплівых будзе мець уладу, а нядбайныя будуць даньнікамі. 
Смутак у сэрцы чалавека прыгнятае яго, а добрае слова разьвяселіць яго. 
Праведнік мае перавагу над бліжнім сваім, а шлях бязбожнікаў зводзіць іх саміх. 
Гультай не сьпячэ ўпаляванага, а маёмасьць чалавека руплівага каштоўная. 
На сьцежцы праведнасьці — жыцьцё, і на шляху яе няма сьмерці. 
