﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
10.
Прыповесьці Салямона. Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны сын — гора для маці. 
Не прыносяць карысьці скарбы бязбожныя, а праведнасьць ратуе ад сьмерці. 
Не дазволіць ГОСПАД галадаваць душы праведніка, але адкіне жаданьні бязбожнікаў. 
Лянівая рука робіць бедным, а рука працавітая ўзбагачае. 
Хто летам зьбірае, той сын разважлівы, а хто сьпіць у жніво — сын ганебны. 
Дабраславенствы — на галаве праведнага, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць. 
Памяць пра праведніка дабраслаўлёная, а імя бязбожнікаў спарахнее. 
Мудры сэрцам прыймае прыказаньні, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе. 
Хто ходзіць беззаганна, той ходзіць бясьпечна, а хто кры?віць шляхі свае, будзе выяўлены. 
Хто міргае вачыма, той робіць прыкрасьць, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе. 
Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць. 
Нянавісьць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе правіны. 
У вуснах разумнага знаходзіцца мудрасьць, а кій — на сьпіне бязглуздага. 
Мудрыя захоўваюць веданьне, а вусны неразумнага вядуць да загубы. 
Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, загуба для бедных — іхняя галеча. 
Праца праведніка вядзе да жыцьця, набытак бязбожніка — да грэху. 
На сьцежцы жыцьця той, хто прыймае настаўленьне, а хто адкідае дакараньне — блукае. 
Хто хавае нянавісьць, у таго вусны хлусьлівыя, а хто паклёп разносіць, той дурань. 
У мностве словаў не пазьбегнеш грэху, а хто стрымлівае вусны свае, той разважлівы. 
Язык праведніка — адборнае срэбра, а сэрца бязбожніка нічога ня вартае. 
Вусны праведнага пасьвяць многіх, а бязглуздыя паміраюць ад нястачы розуму. 
Дабраславенства ГОСПАДАВА, яно ўзбагачае, і смутку з сабою не прыносіць. 
Радасьць для дурня — учынкі ганебныя, а для чалавека разумнага — мудрасьць. 
Тое, чаго баіцца бязбожнік, прыйдзе на яго, а прагненьні праведных споўняцца. 
Калі пранясецца віхор, дык і ня будзе больш бязбожніка, а праведнік мае вечны падмурак. 
Як воцат для зубоў і як дым для вачэй, так гультай для тых, што яго пасылаюць. 
Страх ГОСПАДАЎ памнажае дні, а гады бязбожнікаў скароцяцца. 
Чаканьне праведнікаў — радасьць, а спадзяваньне бязбожнікаў загіне. 
Шлях ГОСПАДАЎ — апора для беззаганных і загуба для злачынцаў. 
Праведнік не пахісьнецца навекі, а бязбожнікі ня будуць жыць на зямлі. 
Вусны праведніка памнажаюць мудрасьць, а язык падступны будзе адсечаны. 
Вусны праведніка ведаюць, што даспадобы Богу, а вусны бязбожнікаў — падступнасьць. 
