﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
4.
Слухайце, дзеці, настаўленьне бацькі і ўважайце, каб навучыцца розуму, 
бо я даю вам добрую навуку; не пакідайце закону майго. 
Бо і я быў сы?нам у бацькі майго, пешчаны і адзіны ў маці маёй. 
І ён вучыў мяне, і казаў мне: «Няхай трымаецца сэрца тваё словаў маіх, захоўвай прыказаньні мае і жыві. 
Набывай мудрасьць, набывай розум, не забывайся і не ўхіляйся ад словаў вуснаў маіх. 
Не пакідай яе, і яна захавае цябе, любі яе, і яна будзе пільнаваць цябе. 
Галоўнае — мудрасьць; набывай мудрасьць, і за ўсю маёмасьць сваю набывай розум. 
Узьвяліч яе, і яна падыме цябе, яна праславіць цябе, калі ты ўхопішся за яе, 
ускладзе на галаву тваю вянок ласкі, аздобіць цябе каронаю славы». 
Слухай, сыне мой, і прыймі словы мае, і памножацца гады жыцьця твайго. 
Я паказваю табе шлях мудрасьці, вяду цябе сьцежкамі праведнасьці. 
Калі пойдзеш імі, ня будуць блытацца ногі твае, калі пабяжыш, не спатыкнешся. 
Трымайся настаўленьня, не занядбоўвай, захоўвай яго, бо яно — жыцьцё для цябе. 
Не ўзыходзь на сьцежку бязбожнікаў і не хадзі па шляху ліхотнікаў, 
пазьбягай яго і не хадзі па ім, ухіляйся ад яго і абмінай яго, 
бо не заснуць яны, калі ня ўчыняць благога, і сон іх ня возьме, калі не давядуць каго да падзеньня. 
Бо ядуць яны хлеб беззаконьня і п’юць віно гвалту. 
Але сьцежка праведных — як сьвятло зараніцы, што ўзыходзіць і расьце аж да поўнага дня. 
Шлях бязбожнікаў цёмны, яны ня ведаюць, дзе спатыкнуцца. 
Сыне мой, зважай на словы мае, прыхілі вуха тваё да прамоваў маіх. 
Няхай не зыходзяць яны з вачэй тваіх, захоўвай іх у глыбіні сэрца твайго, 
бо яны — жыцьцё для таго, хто знайшоў іх, і здароўе для ўсяго цела яго. 
З усёй стараннасьцю захоўвай сэрца сваё, бо з яго крыніца жыцьця. 
Адкінь ад сябе вусны хлусьлівыя, аддалі ад сябе язык крывадушны. 
Вочы твае няхай глядзяць проста, а павекі твае няхай скіраваныя будуць перад табою. 
Абдумай сьцежку для ног тваіх, і ўсе шляхі твае няхай будуць пэўныя. 
Не зыходзь ані направа, ані налева, аддалі нагу тваю ад ліхоцьця. 
