﻿ПСАЛЬМЫ.
126.
Сьпеў узыходжаньня. Калі ГОСПАД вярнуў палонных Сыёну, мы былі як у сьне. 
Былі тады нашыя вусны поўныя сьмеху, і язык наш — сьпяваньня. Казалі тады між паганамі: “Вялікае ГОСПАД з імі ўчыніў!” 
Вялікае ГОСПАД з намі ўчыніў, і мы былі радасныя. 
Вярні, ГОСПАДЗЕ, нашых палонных, як ручаі на зямлю паўднёвую. 
Той, хто ў сьлёзах сеяў, жаць будзе са сьпяваньнем. 
Тыя, што несьлі насеньне на пасеў, ішлі плачучы, але, вяртаючыся, вернуцца са сьпяваньнем, снапы свае несучы. 
