﻿ПСАЛЬМЫ.
125.
Сьпеў узыходжаньня. Тыя, што спадзяюцца на ГОСПАДА, яны як гара Сыён, якая не пахісьнецца і будзе на вякі. 
Горы вакол Ерусаліму, а ГОСПАД — вакол народу Свайго ад сёньня і на вякі. 
Бо кій бязбожнікаў не застанецца над лёсам праведнікаў, каб не цягнулі праведнікі рук сваіх да беззаконьня. 
Рабі, ГОСПАДЗЕ, добрае добрым і тым, хто шчыры ў сэрцы сваім. 
Але тых, што зыходзяць на сьцежкі крывыя свае, няхай выганіць ГОСПАД разам са злачынцамі. Супакой над Ізраілем! 
