﻿ПСАЛЬМЫ.
116.
Люблю ГОСПАДА, бо Ён пачуў голас мой і маленьне маё, 
бо Ён прыхіліў да мяне вуха Сваё ў дзень, калі я клікаў Яго. 
Ахапілі мяне путы сьмерці; мукі пякельныя адшукалі мяне; я знайшоў трывогу і смутак. 
І паклікаў я імя ГОСПАДА: “Збаў, прашу, ГОСПАДЗЕ, душу маю!” 
Літасьцівы ГОСПАД і праведны, наш Бог міласьцівы. 
ГОСПАД захоўвае неразумных; і калі зьнемагаю, Ён ратуе мяне. 
Вярніся, душа мая, да супачынку твайго, бо ГОСПАД робіць добрае табе. 
Бо Ты выратаваў душу маю ад сьмерці, вочы мае — ад сьлёзаў, ногі мае — ад падзеньня. 
Буду хадзіць перад абліччам ГОСПАДА ў зямлі жывых. 
Я веру, дык гавару: “Я моцна прыгнечаны”. 
Я сказаў у зьбянтэжанасьці маёй: “Усе людзі хлусяць!” 
Што я вярну ГОСПАДУ за ўсе дабрадзействы Ягоныя для мяне? 
Келіх збаўленьня ўзьніму і імя ГОСПАДА буду клікаць. 
Абяцаньні мае ГОСПАДУ споўню перад усім народам Ягоным. 
Каштоўная ў вачах ГОСПАДА сьмерць багабойных Ягоных. 
О ГОСПАДЗЕ! Я ж слуга Твой, я — слуга Твой, сын служкі Тваёй! Ты разьбіў кайданы мае. 
Табе ахвярую ахвяру падзякі і імя ГОСПАДА буду клікаць. 
Абяцаньні мае ГОСПАДУ споўню перад усім народам Ягоным, 
у панадворках дому ГОСПАДАВАГА, пасярод цябе, Ерусаліме! Альлелюя! 
