﻿ПСАЛЬМЫ.
115.
Ня нам, ГОСПАДЗЕ, ня нам, але іменьню Твайму дай Ты славу дзеля міласэрнасьці Тваёй, дзеля праўды Тваёй! 
Навошта казаць паганам: “Дзе ж Бог іхні?” 
А Бог наш у небе; усё, што Яму да спадобы, Ён робіць. 
Іхнія ідалы — срэбра і золата, творы рук чалавечых. 
Маюць вусны, і не гавораць; маюць вочы, і ня бачаць; 
маюць вушы, і ня чуюць, маюць ноздры, і нюху няма; 
рукі ў іх, і ня мацаюць; ногі ў іх, і ня ходзяць; і не выказваюцца горлам сваім. 
Няхай стануцца падобнымі да іх тыя, што іх робяць, усе, што на іх спадзяюцца. 
Ізраілю, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх! 
Доме Аарона, спадзявайся на ГОСПАДА. Ён — дапамога іхняя і шчыт іх! 
Вы, што ГОСПАДА баіцёся, спадзявайцеся на ГОСПАДА: Ён — дапамога іхняя і шчыт іх! 
ГОСПАД памятае пра нас. Ён будзе дабраслаўляць, Ён будзе дабраслаўляць дом Ізраіля, Ён будзе дабраслаўляць дом Аарона, 
Ён будзе дабраслаўляць тых, што баяцца ГОСПАДА, разам малых і вялікіх. 
Няхай памножыць вас ГОСПАД, вас і вашых сыноў. 
Дабраслаўлёныя вы ГОСПАДАМ, Які стварыў неба і зямлю. 
Неба — неба ГОСПАДА, а зямлю Ён даў сынам чалавечым. 
Ня мёртвыя хваляць ГОСПАДА, ня ўсе тыя, што зыходзяць ў месца маўчаньня, 
але мы будзем дабраслаўляць ГОСПАДА ад цяпер і на вякі. Альлелюя! 
