﻿ПСАЛЬМЫ.
108.
Сьпеў. Псальм Давіда. 
Ўмацаванае сэрца маё, Божа! Буду сьпяваць і выслаўляць Цябе ў славе маёй! 
Збудзіцеся, псалтыр і гусьлі! Я пабуджу сьвітаньне! 
Буду славіць Цябе сярод людзей, ГОСПАДЗЕ, і буду выслаўляць Цябе сярод народаў, 
бо па-над неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў. 
Узьвялічся па-над неба, Божа, і па-над усёй зямлёй няхай будзе слава Твая! 
Каб былі ўратаваныя ўмілаваныя Твае, збаў правіцай Тваёй і адкажы мне! 
Бог сказаў у сьвятасьці Сваёй: “Я ўзрадуюся! Я падзялю Сыхем, і даліну Сукот разьмераю. 
Мой Гілеад, Мой Манаса, і Эфраім — моц галавы Маёй, Юда — заканадаўца Мой! 
Мааў — міса для мыцьця Майго; на Эдом кіну сандалы Мае; над зямлёй Філістынскай радасна гукаць буду! 
Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто завядзе мяне ў Эдом? 
Ці ж ня Ты, Божа, нас пакінуў і не выходзіш, Божа, з войскамі нашымі? 
Дай нам успамогу ў прыгнечаньні нашым, бо марны ратунак чалавечы. 
З Богам мы зьявім сілу, і Ён растопча прыгнятальнікаў нашых. 
