﻿ПСАЛЬМЫ.
107.
Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная! 
Няхай гэтак скажуць выкупленыя ГОСПАДАМ, якіх Ён выкупіў з рукі прыгнятальніка 
і сабраў з земляў з усходу і з захаду, з поўначы і ад мора. 
Яны блукалі па пустыні, па бязьлюдзьдзі, шляху да гораду, дзе будуць жыць, не знайшлі. 
Былі галоднымі і сасьмяглымі, душа іхняя ў іх зьнемаглася. 
І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй. 
І павёў Ён іх шляхам простым, каб прыйшлі да гораду, дзе будуць жыць. 
Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых, 
бо Ён насыціў душу спрагнёную і душу галодную напоўніў дабром. 
Яны сядзелі ў цемры і ў ценю сьмерці, увязьненыя пакутамі і жалезам, 
бо яны бунтаваліся супраць словаў Бога і радай Найвышэйшага пагрэбавалі. 
І Ён спакорыў сэрца іхняе нядоляй; яны спатыкнуліся, і не было дапамогі. 
І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй, 
і вывеў іх з цемры і ценю сьмерці, і кайданы іхнія парваў. 
Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых, 
бо Ён скрышыў брамы мядзяныя і расьсек жалезныя засаўкі. 
Яны былі неразумнымі на шляху правінаў сваіх і за беззаконьні свае пакутавалі. 
Усякая ежа абрыдла душы іхняй, і блізка былі яны ад брамаў сьмерці. 
І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй, 
Ён паслаў слова Сваё, і аздаравіў іх, і выбавіў іх ад магілы. 
Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых! 
Няхай ахвяруюць ахвяры падзякі, і няхай абвяшчаюць з радасьцю пра дзеяньні Ягоныя! 
Тыя, што зыходзілі на мора на караблях і вялі справы на водах вялікіх, 
яны бачылі справы ГОСПАДА і цуды Ягоныя ў глыбінях. 
Ён сказаў, і стаўся вецер бурны, і ўзьняліся хвалі, 
і яны ўздымаюцца пад неба, і падаюць у бяздоньне; душа іхняя ў гэтым ліху млее, 
бадзяюцца і хістаюцца, як п’яныя, і ўся мудрасьць іхняя на марна. 
І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй. 
Ён перамяніў буру ў цішу, і суцішыліся хвалі. 
І ўзрадаваліся яны, што ўсё сьціхла, і Ён іх правёў да жаданае прыстані. 
Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых! 
Няхай вывышаюць Яго ў зграмаджэньні народу і паміж старшыняў няхай хваляць Яго! 
Ён перамяніў рэкі ў пустыню і крыніцы водаў — у сухую зямлю, 
і ўрадлівую зямлю — у салёную — за ліхоту тых, што жывуць на ёй. 
Ён перамяніў пустыню ў возера водаў і сухую зямлю — у крыніцы водаў, 
і там пасяліў галодных, і яны паставілі горад, дзе будуць жыць, 
і засеялі палі, і пасадзілі вінаграднік, і атрымалі плод багаты. 
І Ён дабраслаўляў іх, і яны множыліся вельмі; і не зьмяншалася ў іх скаціны. 
Але пасьля іх паменшала, і яны схіліліся пад цяжарам ліхоты і смутку. 
Ён вылівае пагарду на князёў і кідае іх блукаць па пустках без дарогі. 
І паднімае прыгнечанага з нэндзы, і робіць плямёны як чароды авечак. 
Убачаць гэта правыя і ўзьвесяляцца; і ўсякая несправядлівасьць закрые вусны свае. 
Хто мудры, той гэта захавае, і зразумее міласэрнасьць ГОСПАДА! 
