﻿ПСАЛЬМЫ.
102.
Малітва прыгнечанага, калі ён зьнемагаў і перад ГОСПАДАМ вылівае смутак свой. 
ГОСПАДЗЕ, пачуй малітву маю, і лямант мой няхай дойдзе да Цябе! 
Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень уціску, прыхілі да мяне вуха Тваё ў дзень, калі клічу; хутчэй адкажы мне. 
Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае выпаленыя як у гарне. 
Скошанае як трава і высахлае сэрца маё, ажно забываюся я есьці хлеб свой. 
Ад голасу ўздыханьня майго косткі мае прыляпіліся да цела майго. 
Я падобны да пэлікана ў пустыні, стаўся як пугач сярод спусташэньня. 
Я ня сплю і стаўся як птушка самотная на даху. 
Увесь дзень зьняважаюць мяне ворагі мае; тыя, што сьмяюцца з мяне, запрысягнуліся супраць мяне. 
Бо я ем попел як хлеб, і напой мой са сьлязамі мяшаю 
праз гнеў Твой і абурэньне, бо Ты падняў мяне і кінуў. 
Дні мае, быццам цені, зьнікаюць, і я сохну, быццам трава. 
А Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш жыць на вякі, і памяць Твая — з пакаленьня ў пакаленьне. 
Ты паўстанеш, зьлітуешся над Сыёнам, бо час дараваць яму, бо прыйшла пара. 
Бо слугі Твае маюць ласку да камянёў ягоных і літасьць — над пылам ягоным. 
І будуць баяцца народы імя ГОСПАДА, і ўсе валадары зямныя — славы Тваёй, 
бо адбудаваў ГОСПАД Сыён і даў убачыць Сябе ў славе Сваёй. 
Ты прыхіліўся да малітвы прыніжанага і не пагардзіў малітвамі іхнімі. 
Будзе запісана гэтае будзе для пакаленьня наступнага, і народ, які будзе створаны, будзе хваліць ГОСПАДА, 
бо Ён глянуў з вышыні сьвятасьці Сваёй, паглядзеў ГОСПАД з нябёсаў на зямлю, 
каб пачуць стогны вязьня, каб вызваліць сыноў, сказаных на сьмерць, 
каб апавядалі на Сыёне імя ГОСПАДА, і хвалу Ягоную — ў Ерусаліме, 
калі разам зьбяруцца народы і валадарствы, каб служыць ГОСПАДУ. 
Змардаваў Ён у дарозе сілу маю, скараціў дні мае. 
Я кажу: “Божа мой, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! З пакаленьня ў пакаленьне гады Твае! 
Здаўна Ты заснаваў зямлю, і нябёсы — твор рук Тваіх. 
Яны згінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як адзеньне, спарахнеюць, як вопратку іх пераменіш, і яны пераменяцца; 
а Ты — Той самы, і гады Твае ня маюць канца! 
Сыны слугаў Тваіх будуць жыць, і насеньне іхняе будзе ўмацаванае перад абліччам Тваім. 
