﻿ПСАЛЬМЫ.
97.
ГОСПАД валадарыць! Няхай радуецца зямля, няхай весяліцца мноства астравоў! 
Хмары і імгла навакол Яго; праведнасьць і суд — падставы пасаду Ягонага. 
Агонь ідзе перад абліччам Ягоным і паліць наўкола супраціўнікаў Ягоных. 
Маланкі Ягоныя сусьвет асьвятляюць; бачыць гэта зямля і дрыжыць. 
Горы топяцца, быццам воск, ад аблічча ГОСПАДА, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі. 
Апавядаюць нябёсы праведнасьць Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную. 
Асаромяцца ўсе, што балванам служаць, што ідаламі сваімі хваляцца. Пакланіцеся Яму, усе богі! 
Чуе гэта Сыён і весяліцца, і радуюцца дочкі Юдавы дзеля судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ! 
Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, над усёй зямлёй Найвышэйшы, Ты ўзьнёсся па-над усімі багамі. 
Вы, што любіце ГОСПАДА, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы багабойных Сваіх, з рукі бязбожных выратоўвае іх. 
Сьвятло ўзыходзіць для праведніка, і радасьць — для шчырых сэрцам. 
Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі, і слаўце на ўспамін сьвятасьці Ягонай! 
