﻿ПСАЛЬМЫ.
96.
Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў, сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля! 
Сьпявайце ГОСПАДУ, дабраслаўляйце імя Ягонае! З дня на дзень дабравесьціце пра збаўленьне Ягонае! 
Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя. 
Бо вялікі ГОСПАД і годны ўсялякай хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў! 
Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы стварыў. 
Годнасьць і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — у сьвятыні Ягонай. 
Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц! 
Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, нясіце дары і ідзіце ў панадворкі Ягоныя. 
Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні; дрыжыце перад абліччам Яго, усе землі! 
Скажыце народам: “ГОСПАД валадарыць! Ён сусьвет умацаваў, каб не пахіснуўся. І будзе судзіць Ён народы паводле справядлівасьці”. 
Няхай узьвесяляцца нябёсы і ўзрадуецца зямля; няхай мора гудзе, і ўсё, што ў ім. 
Няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім; і будуць усклікаць тады ўсе дрэвы лясныя, 
перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён ідзе, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Судзіць Ён будзе сусьвет паводле праведнасьці і народы — паводле вернасьці Сваёй. 
