﻿ПСАЛЬМЫ.
94.
Божа помсты, ГОСПАДЗЕ, Божа помсты, зазьзяй! 
Узьніміся, Судзьдзя зямлі, аднагародзь пыхліўцам за тое, што зрабілі яны! 
Дакуль бязбожнікі, ГОСПАДЗЕ, дакуль бязбожнікі будуць радавацца? 
Дакуль будуць плявузгаць, гаварыць дзёрзка, прамаўляць усе злачынцы. 
Яны крышаць народ Твой, ГОСПАДЗЕ, прыціскаюць спадчыну Тваю. 
Удоваў і прыхадняў мардуюць і сіротаў забіваюць, 
і кажуць: “Ня ўбачыць гэтага ГОСПАД, і не даведаецца Бог Якубавы!” 
Зразумейце, бязглуздыя з народу! І калі, бязглуздыя, паразумнееце? 
Ці ж Той, Які вуха стварыў, не пачуе? Ці ж Той, Які вока ўфармаваў, ня ўбачыць? 
Ці ж Той, Які навучае народы, ня будзе караць, Той, Які вучыць чалавека ведам? 
ГОСПАД ведае думкі чалавечыя, што яны — марнасьць. 
Шчасьлівы чалавек, якога Ты, ГОСПАДЗЕ, навучаеш і вучыш яго закону Твайму, 
каб быў ён у супакоі ў дні ліхія, пакуль выкапаны будзе дол для бязбожніка. 
Бо не адкіне ГОСПАД народ Свой, і спадчыну Сваю не пакіне. 
Бо зьвернецца суд да справядлівасьці, і пойдуць за ім усе правыя сэрцам. 
Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца за мяне супраць тых, што робяць злачынства? 
Калі б ГОСПАД ня быў успамогай мне, хутка душа мая пасялілася б у месцы маўчаньня. 
Калі я сказаў: “Хістаецца нага мая!”, міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, ўмацавала мяне. 
Калі мноства цяжкіх думак у нутры маім, пацяшэньні Твае падбадзёрваюць душу маю. 
Ці ж можа таварышаваць з Табою пасад загубы, які чыніць ліхоцьце супраць пастановы Тваёй? 
Яны зьбіраюцца супраць душы праведніка і кроў нявінную асуджаюць. 
Але ГОСПАД стаўся умацаваным замкам для мяне, і Бог мой — скалой прыстанішча майго. 
І зьверне Ён на іх злачынства іхняе, і ў ліхоце іхняй вынішчыць іх; вынішчыць іх ГОСПАД, Бог наш. 
