﻿ПСАЛЬМЫ.
93.
ГОСПАД валадарыць, апрануўся ў веліч, апрануўся ГОСПАД у моц і падперазаўся. Ён сусьвет умацаваў, што не захістаецца. 
Умацаваны пасад Твой ад спрадвечных часоў; і Ты — спакон вякоў! 
Узьнімаюць рэкі, ГОСПАДЗЕ, узьнімаюць рэкі голас свой, узьнімаюць рэкі хвалі свае. 
Слаўнейшы за голас водаў вялікіх, за хвалі марскія — слаўны на вышынях ГОСПАД. 
Сьведчаньні Твае вельмі верныя; сьвятасьць аздабляе дом Твой, ГОСПАДЗЕ, на вечныя дні! 
