﻿ПСАЛЬМЫ.
88.
Сьпеў. Псальм сыноў Караха. Кіраўніку хору: на лад сумны, суцішаны. Навучаньне Гемана Эзрахі. 
ГОСПАДЗЕ, Божа збаўленьня майго! Удзень я крычу, і ўначы я перад Табою! 
Няхай прыйдзе перад аблічча Тваё малітва мая; прыхілі вуха Тваё да галашэньня майго. 
Бо перасычана ліхоцьцем душа мая, і жыцьцё маё дакранаецца да пекла. 
Я залічаны да тых, што зыходзяць у магілу; я стаўся, як чалавек, які сілы ня мае. 
Сярод памёршых, свабодны, падобны да забітых, што ляжаць у магіле, якіх Ты ўжо не ўзгадваеш, і адсечаны яны ад рукі Тваёй. 
Ты кінуў мяне ў яму найглыбейшую, у месца цёмнае, у глыбіню. 
Націснула на мяне ярасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі прыціснуў Ты мяне. (Сэлях) 
Ты аддаліў ад мяне знаёмых маіх, Ты зрабіў мяне агідным для іх; я зьвязаны і выйсьці не магу. 
Самлела вока маё ад пакутаў; кожны дзень я клічу Цябе, ГОСПАДЗЕ, і выцягваю да Цябе рукі мае. 
Ці Ты зробіш цуд для памёршых? Ці нябожчыкі паўстануць і будуць славіць Цябе? (Сэлях) 
Ці будзе абвешчана ў магіле міласэрнасьць Твая, і вернасьць Твая — у месцы загубы? 
Ці ў цемры даведаюцца пра цуды Твае, і пра справядлівасьць Тваю — у зямлі забыцьця? 
Але я галашу да Цябе, ГОСПАДЗЕ, і раніцаю малітва мая сустракае Цябе. 
Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, Ты пакінуў душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне? 
З маленства я прыгнечаны і паміраю; пераносячы жахі Твае, я зьнямогся. 
Нада мною прайшоў жар гневу Твайго, пагрозы Твае вынішчаюць мяне, 
атачаюць мяне, як вада, кожны дзень, абступаюць мяне разам. 
Ты аддаліў ад мяне тых, што любяць мяне, і бліжніх, знаёмыя мае — у цемры. 
