﻿ПСАЛЬМЫ.
83.
Сьпеў. Псальм Асафа. 
Божа! Не маўчы, і ня будзь у маўчаньні і ў супакоі, Божа! 
Бо вось, узварухнуліся ворагі Твае, і ненавісьнікі Тваі паднялі галаву. 
Супраць народу Твайго яны кнуюць намеры таемныя і радзяцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш. 
Яны сказалі: “Хадзіце і сатрэм іх між народамі, і імя Ізраіля ня будзе ўзгадвацца болей”. 
Бо радзіліся яны аднадумна, супраць Цябе заключылі запавет 
намёты Эдому і Ізмаэляне, Мааў і Агаране, 
Геваль і Амон і Амалек, Філістынцы і жыхары Тыру. 
І Асур далучыўся да іх, стаўся ён рамяном для сыноў Лёта. (Сэлях) 
Зрабі ж Ты ім як Мадыяну, як Сісэры, як Явіну ля ручая Кішон, 
якія зьнішчаныя каля Эндору, сталіся як гной на зямлі. 
Учыні з імі, з магнатамі іхнімі як з Арэвам і Зэвам, і з усімі князямі іхнімі, як з Зэвахам і Сальмунам, 
якія казалі: “Возьмем сабе ў спадчыну сялібы Божыя!” 
Божа мой! Зрабі іх як пыл у віхуры, як салому пад ветрам! 
Як агонь паліць лясы і як полымя апальвае горы, 
гэтак перасьледуй Ты іх бурай Тваёю і віхрам Тваім напалохай! 
Напоўні сорамам твары іхнія, і будуць шукаць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ. 
Няхай будуць асаромленыя і спалоханыя навечна, няхай будуць у сораме і загінуць, 
і пазнаюць, што імя Тваё — ГОСПАД, і толькі Ты — Найвышэйшы над усёй зямлёю. 
