﻿ПСАЛЬМЫ.
82.
Псальм Асафа. Бог стаіць на сходзе багоў, сярод багоў Ён судзіць: 
Дакуль будзеце судзіць беззаконна і ўздымаць абліччы бязбожнікаў? (Сэлях) 
Судзіце беднага і сірату; убогага і бедака апраўдайце. 
Ратуйце беднага і гаротнага, з рукі бязбожнікаў вызваляйце! 
Нічога ня ведаюць і не разумеюць, і ў цемры ходзяць; і захісталіся ўсе падваліны зямлі! 
Я сказаў: “Вы — богі, усе вы — сыны Найвышэйшага, 
аднак, вы памрацё, як людзі, упадзеце, як адзін з князёў. 
Паўстань, Божа, судзі зямлю, бо Ты возьмеш у спадчыну ўсе народы. 
