﻿ПСАЛЬМЫ.
81.
Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Асафа. 
Весяліцеся перад Богам моцы нашай; радасна гукайце Богу Якубаваму! 
Пачніце сьпяваньне, вазьміце бубны, гусьлі мілагучныя і псалтыр. 
Дзьміце ў трубу ў маладзік, у поўню, у дзень нашага сьвята, 
бо гэткая пастанова у Ізраілі, закон Бога Якубавага. 
Ён паставіў гэта на сьведчаньне для Язэпа, калі выводзіў з зямлі Эгіпецкай, і мы пачулі мову, якой ня ведалі: 
“Я прыбраў цяжар з плячэй ягоных, рукі ягоныя вольныя ад кашоў. 
У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я выратаваў цябе; адказаў табе з-за заслоны грымотаў, выспрабаваў цябе пры водах Мэрыбы. (Сэлях) 
Слухай, народзе Мой! Я буду сьведчыць супраць цябе, Ізраіль, каб ты паслухаў Мяне, 
і не было ў цябе бога чужога, і не пакланяўся ты богу чужынцаў! 
Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай! Расчыні шырока вусны твае, і Я напоўню іх. 
Ды народ Мой не паслухаў голасу Майго, і Ізраіль ня быў паслухмяны Мне. 
Дык Я пакінуў іх закамянеласьці сэрца іхняга, і яны хадзілі паводле намераў сваіх. 
О, калі б народ Мой паслухаў Мяне, калі б Ізраіль хадзіў шляхамі Маімі, 
Я б неўзабаве ўпакорыў ворагаў іхніх, і супраць прыгнятальнікаў іхніх павярнулася б рука Мая. 
Тыя, што ГОСПАДА ненавідзяць, падпарадкаваліся б ім, а шчасьце іхняе трывала б на вякі. 
І Я карміў бы іх з тлустасьці пшаніцы, мёдам са скалы насычаў бы іх”. 
