﻿ПСАЛЬМЫ.
77.
Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Асафа. 
Голас мой да Бога, і буду крычаць; голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне. 
У дзень трывогі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнутая і не зьнемагаецца; адмаўляецца ад пацяшэньня душа мая. 
Узгадваю пра Бога і стогну; енчу і зьнемагае дух мой. (Сэлях) 
Ты затрымаў павекі вачэй маіх; я ўстрывожаны, і не магу гаварыць. 
Разважаю пра дні старадаўныя, пра гады спрадвечныя. 
Уначы ўзгадваю песьні мае, енчу ў сэрцы маім, і дапытываецца дух мой: 
“Няўжо Госпад навекі адкінуў мяне і ня будзе больш спагадаць? 
Няўжо назаўсёды канец міласэрнасьці Ягонай, і вестка з пакаленьня ў пакаленьне счэзла? 
Няўжо Бог забыўся пра літасьцівасьць Сваю і спыніў ў гневе Сваім літасьць Сваю?” (Сэлях) 
І сказаў я: “Гэта боль мой, што зьмянілася правіца Найвышэйшага. 
Буду ўзгадваць дзеяньні ГОСПАДА; бо хачу ўзгадваць цуды Твае старадаўныя. 
І буду разважаць пра ўсе справы Твае, і пра вялікія ўчынкі Твае буду апавядаць. 
У сьвятасьці, Божа, шлях Твой. Які бог гэтакі вялікі, як Бог? 
Ты — Бог, Які цуды робіць. Ты даў спазнаць народам моц Тваю. 
Ты бараніў рамяном Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. (Сэлях) 
Убачылі Цябе воды, Божа, убачылі Цябе воды і задрыжэлі, і затрэсьліся бяздоньні. 
Лінулі з хмараў воды; выдалі голас аблокі, і лёталі стрэлы Твае. 
Голас грымотаў Тваіх у віхры; маланкі сусьвет асьвятлялі; зямля трэслася і дрыжэла. 
Праз мора ішоў шлях Твой, і сьцяжына Твая — праз воды вялікія, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаць. 
Ты вёў народ Твой, як авечкі, рукой Майсея і Аарона. 
