﻿ПСАЛЬМЫ.
76.
Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Асафа. Сьпеў. 
Вядомы ў Юдэі Бог, вялікае ў Ізраілі імя Ягонае. 
І паўстаў у Салеме схоў Ягоны, і жытло Ягонае — на Сыёне. 
Там Ён скрышыў стрэлы луку, шчыт і меч, і вайну. (Сэлях) 
Ты зьзяеш, Ты слаўнейшы за горы здабычы. 
Зрабаваныя моцныя сэрцам, дрэмлюць сном сваім, і не знайшлі ўсе мужы дужыя рук сваіх. 
Ад пагрозаў Тваіх, Божа Якуба, здрантвелі і калясьніца, і конь. 
Ты, толькі Ты напаўняеш страхам, і хто можа ўстаяць прад абліччам Тваім у час гневу Твайго? 
З неба Ты даеш пачуць прысуд, зямля ў страху і маўчаньні, 
калі Бог падняўся на суд, каб збавіць ўсіх уцісканых на зямлі. (Сэлях) 
Бо нават ярасьць чалавека будзе славіць Цябе, парэшткамі ярасьці Ты падпярэжашся. 
Давайце і спаўняйце абяцаньні ГОСПАДУ, Богу вашаму; усе, што навакол Яго, нясіце дары Страшліваму. 
Ён пазбаўляе духу князёў, Ён страшны для валадароў зямных. 
