﻿ПСАЛЬМЫ.
73.
Псальм Асафа. Які добры Бог для Ізраіля, для тых, што чыстыя сэрцам! 
А я — амаль спатыкнуліся ногі мае, ледзь не пакаўзнуліся крокі мае. 
Бо я пазайздросьціў тым, што хваляць сябе, убачыўшы супакой бязбожнікаў, 
бо яны не зазнаюць гора аж да сьмерці і добра ўскормлена цела іхняе, 
нядолі людзкой яны ня маюць, і кары, як у іншых людзей, няма для іх. 
Дзеля гэтага атачае шыю іхнюю пыха, ліхадзейства нібы шатамі атуляе іх. 
Ад тлустасьці павылазілі вочы іхнія, прыходзіць ім больш за ўяўленьні сэрца іхняга. 
Яны зьдзекуюцца і гавораць зласьліва; звысака гавораць пра крыўду. 
Да неба ўзьнімаюцца вуснамі сваімі, а язык іхні па зямлі гуляе. 
Дык туды і народ Ягоны паварочваецца, і шчодрыя воды выліваюцца на іх. 
І тыя кажуць: “Як Бог даведацца? І ці мае веданьне пра гэта Найвышэйшы?” 
Вось, гэткія ёсьць бязбожнікі, і ў спакоі вечным зьбіраюць яны багацьці. 
Дык ці-ж зусім надарма я захоўваў ў чыстасьці сэрца сваё і абмываў у нявіннасьці рукі мае, 
і білі мяне ўвесь дзень, і каралі мяне кожную раніцу? 
Калі б я сказаў: “Буду думаць, як яны!”— я б гэтым адрокся ад пакаленьня сыноў Тваіх. 
І разважаў я, каб зразумець усё гэта, і нядоляй гэта здавалася ў вачах маіх, 
аж пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і тады зразумеў канец іхні. 
Сапраўды, на коўзкім груньце Ты ставіш іх і спасылаеш на пагібель! 
Як жа імгненна яны спустошаныя, загінулі, счэзьлі ад жаху! 
Як сном пасьля абуджэньня, Ты, Госпадзе, збудзіўшыся, грэбуеш вобразам іхнім. 
Бо згоркла сэрца маё і курчыліся ныркі мае, 
я стаўся дурнем і ня ведаў нічога, і быў перад Табой, як жывёла, 
але я быў пры Табе заўсёды! Ты трымаеш мяне за правую руку маю, 
Ты вядзеш мяне паводле рады Тваёй, і потым возьмеш мяне ў славу Тваю. 
Каго ж я маю ў небе? І на зямлі апроч Цябе мне ніхто не даспадобы. 
Зьнікаюць цела маё і сэрца маё, але Бог — скала сэрца майго і частка мая на вякі. 
Бо, вось, гінуць тыя, што ад Цябе адыходзяць; Ты вынішчаеш кожнага, хто чужаложыць, выракаючыся Цябе. 
А для мяне блізкасьць Бога ёсьць дабро для мяне; я зрабіў у ГОСПАДЗЕ, Госпадзе маім, прыстанішча маё, каб абвяшчаць усе справы Твае. 
