﻿ПСАЛЬМЫ.
57.
Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда, калі ён уцякаў ад аблічча Саўла ў пячору. 
Зьлітуйся нада мною, Божа, зьлітуйся нада мною! Бо ў Табе мае надзею душа мая і ў ценю крылаў Тваіх буду хавацца, пакуль не міне загуба. 
Буду клікаць да Бога Найвышэйшага, да Бога, Які выканае справу маю для мяне. 
Ён спашле з неба і збавіць мяне ад зьнявагаў таго, хто хоча мяне праглынуць. (Сэлях) Спашле Бог міласэрнасьць Сваю і праўду Сваю. 
Душа мая між ільвоў, я ляжу сярод тых, што палаюць агнём, сярод сыноў чалавечых, зубы іхнія — дзіды і стрэлы, языкі іхнія — мячы вострыя. 
Узьвялічся па-над неба, Божа, па-над ўсёй зямлёй няхай будзе слава Твая. 
Яны наставілі сетку дзеля стопаў маіх, прыгнялі душу маю, яны капалі яму перад абліччам маім, але самі ўваліліся ў яе. (Сэлях) 
Умацаванае сэрца маё, Божа, умацаванае сэрца маё, буду сьпяваць і выслаўляць Цябе. 
Збудзіся, слава мая! Збудзіцеся, псалтыр і гусьлі! Я пабуджу сьвітаньне. 
Буду славіць Цябе сярод людзей, Госпадзе, буду выслаўляць Цябе сярод народаў, 
бо аж да неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў. 
Узьвялічся па-над неба, Божа, па-над ўсёй зямлёй няхай будзе слава Твая! 
