﻿ПСАЛЬМЫ.
55.
Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Навучаньне Давіда. 
Прыхілі вуха, Божа, да малітвы маёй і не хавайся ад маленьня майго! 
Зваж на мяне і адкажы мне; я стогну ў тузе маёй і енчу 
ад голасу ворага, ад уціску бязбожніка, бо злачынства закідаюць мне і ў гневе змагаюцца са мною. 
Сэрца маё трапеча ў-ва мне, і жахі сьмерці напалі на мяне; 
страх і дрыжаньне прыйшлі на мяне, і трывога ахапіла мяне. 
І я сказаў: “Хто дасьць мне крылы, як у голуба! Я паляцеў бы і супачыў! 
Вось, уцёк бы далёка і жыў бы ў пустыні. (Сэлях) 
Я б сьпяшаўся, каб схавацца перад ветра віхурай, перад бурай! 
Вынішчы іх, Госпадзе, падзялі мову ім, бо я бачыў крыўды і спрэчкі ў горадзе. 
Дзень і ноч яны ходзяць па мурах ягоных наўкола, злачынства і ліхоцьце ў сярэдзіне яго. 
Загуба ў сярэдзіне яго, і не зыходзяць з плошчаў ягоных ашуканства і здрада. 
Бо ня вораг мяне зьневажае, я дараваў бы гэта — ня той, што мяне ненавідзіць, узьвялічаецца супраць мяне, ад яго б я схаваўся, 
але ты, чалавек, як я, сябра мой і знаёмы мой, 
з якім мы разам вялі шчырыя гутаркі, з якім у дом Божы хадзілі у грамадзе. 
Няхай зьнішчаючы, зьнішчыць іх сьмерць! Няхай зыйдуць жывыя ў пекла, бо ліхота жыве ў вандраваньні іхнім, у нутры іхнім. 
А Я буду клікаць да Бога, і ГОСПАД збавіць мяне. 
Увечары, і раніцаю, і ў белы дзень я буду енчыць і галасіць, і Ён пачуе голас мой. 
Ён выбавіць душу маю, каб даць супакой ад тых, што варагуюць супраць мяне, бо шмат было тых, якія супраць мяне. 
Пачуе Бог, і ўпакорыць іх Той, Які жыве спрадвеку. (Сэлях.) Бо няма ў іх паправы, і яны не баяцца Бога, 
руку сваю выцягваюць на тых, што з імі ў супакоі жылі, і парушаюць запавет свой; 
гладкія, як тое масла, вусны ягоныя, а ў сэрцы — варожасьць; словы ягоныя лагаднейшыя за алей, але яны — мячы аголеныя. 
Ускладзі бярэмя тваё на ГОСПАДА, і Ён паклапоціцца пра цябе; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся праведнік. 
І Ты, Божа, іх кінеш у ямы парахненьня; людзі крыважэрныя і падступныя не дажывуць паловы дзён сваіх. А я на Цябе спадзяюся! 
