﻿ПСАЛЬМЫ.
52.
Кіраўніку хору. Навучаньне Давіда, 
калі прыйшоў Даэг Эдомец, і паведаміў Саўлу, і сказаў яму: “Давід прыйшоў у дом Абімэлеха”. 
Навошта хвалішся злачынствам, волаце? Міласэрнасьць Божая кожны дзень трывае! 
Загубу выдумляе язык твой; як брытва вострая той, які здраду ўчыняе! 
Ты любіш ліхое больш, чым добрае; хлусьню гаворыш, а ня тое, што праведнае. (Сэлях) 
Любіш усе словы шкадлівыя, о, язык падступны. 
Дзеля гэтага Бог скрышыць цябе назаўсёды, схопіць цябе, і вырве цябе з намёту, і выкараніць цябе з зямлі жывых. (Сэлях) 
І ўбачаць праведнікі, і будуць баяцца, і будуць сьмяяцца з яго: 
“Вось чалавек, што ня Бога меў сабе апорай, і спадзяваўся на мноства багацьця свайго і ўмацоўваўся ў сваёй зласьлівасьці”. 
А я, як аліўка зялёная ў доме Божым, спадзяюся на міласэрнасьць Божую на вякі вечныя. 
Буду славіць Цябе на вякі за тое, што Ты ўчыніў, і буду спадзявацца на імя Тваё, бо Ты добры адносна багабойных Тваіх. 
