﻿ПСАЛЬМЫ.
51.
Кіраўніку хору: псальм Давіда, 
калі прарок Натан прыйшоў да яго пасьля таго, як ён увайшоў да Батшэбы. 
Зьлітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасьці Тваёй, і праз вялікую літасьць Тваю даруй правіны мае! 
Абмый мяне ўсяго ад беззаконьня майго і ачысьці мяне ад грэху майго. 
Бо я ведаю правіну маю, і грэх мой заўсёды перада мною. 
Супраць Цябе, толькі супраць Цябе саграшыў я і ліхое ўчыніў перад вачыма Тваімі, бо Ты праведны ў словах Тваіх і чысты ў судзе Тваім. 
Вось, я ў беззаконьні нарадзіўся, і ў грэху зачала мяне маці мая. 
Вось, Табе даспадобы праўда ў нутры, дык дай мне пазнаць мудрасьць у сэрцы маім. 
Акрапі мяне ізопам, каб я ачысьціўся; абмый мяне, каб я стаўся бялейшым за сьнег. 
Дай мне пачуць радасьць і вясёласьць, каб узьвесяліліся косткі, якія Ты скрышыў. 
Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і даруй мне ўсе беззаконьні мае. 
Сэрца чыстае ствары ў-ва мне, Божа, і дух упэўнены аднаві ў-ва мне. 
Не адкінь Ты мяне ад аблічча Твайго і Духа сьвятога Твайго не забірай у мяне! 
Вярні мне радасьць збаўленьня Твайго, і духам шляхетным падтрымай мяне, 
і я буду навучаць адступнікаў шляхам Тваім, і грэшнікі вернуцца да Цябе. 
Вызваль мяне ад віны за кроў, Божа, Бог выратаваньня майго, і язык мой будзе крычаць пра справядлівасьць Тваю. 
Адчыні, Госпадзе, вусны мае, і вусны мае будуць абвяшчаць хвалу Тваю. 
Бо Ты не жадаеш ахвяраў, хоць бы я іх даў, і цэласпаленьні не даспадобы Табе. 
Ахвяра для Бога — скрышаны дух; сэрцам скрышаным і зламаным Ты, Божа, не пагарджаеш! 
Рабі добрае Сыёну паводле ласкі Тваёй, збудуй муры Ерусаліму. 
Тады будуць Табе даспадобы ахвяры праведнасьці, цэласпаленьні і ахвяры дасканалыя; тады быкоў узьнясуць на ахвярнік Твой. 
