﻿ПСАЛЬМЫ.
50.
Псальм Асафа. Бог багоў, ГОСПАД прамовіў і кліча зямлю ад усходу сонца да захаду яго. 
З Сыёну, вяршыні прыгажосьці, зазьзяў Бог. 
Прыйдзе Бог наш і ня будзе маўчаць, перад абліччам Ягоным агонь палючы, навакол Яго – бура вялізарная. 
Ён кліча неба, што ўверсе, і зямлю на суд народу Свайго: 
“Зьбярыце да Мяне багабойных Маіх, якія заключылі запавет са Мною пры ахвяры!” 
І будуць тады нябёсы апавядаць справядлівасьць Ягоную, бо Сам Бог ёсьць Судзьдзя. (Сэлях) 
Слухай, народзе Мой, і Я буду гаварыць. Ізраілю, Я буду сьведчыць супраць цябе. Бог, твой Бог, — гэта Я! 
Не за ахвяры твае буду вінаваціць цябе: цэласпаленьні твае перада Мною заўсёды! 
Не вазьму Я быкоў з дому твайго, ані казлоў з абораў тваіх, 
бо Мае ўсе зьвяры лясныя і скаціна, што тысячамі ходзіць па горах. 
Я ведаю ўсе птушкі ў гарах, і зьвяры палявыя перада Мною. 
Калі б Я згаладаўся, табе б Я не сказаў, бо Мой сусьвет і што напаўняе яго. 
Ці ж Я ем мяса валоў і п’ю кроў казлоў? 
Ахвяруй падзяку Богу, і споўні перад Найвышэйшым абяцаньні твае. 
І кліч Мяне ў дзень трывогі, Я выратую цябе, і будзеш ушаноўваць Мяне. 
А да бязбожніка сказаў Бог: “Навошта ты пералічваеш пастановы Мае, узьнімаеш запавет Мой да вуснаў тваіх, 
і ненавідзіш настаўленьне, і словы Мае за сябе кідаеш? 
Калі бачыш злодзея, маеш упадабаньне ў ім, і з чужаложнікамі частка твая. 
Вусны свае расчыняеш на злое, і язык твой кнуе падступнае. 
Ты сядзіш і супраць брата твайго гаворыш, абмаўляеш сына маці тваёй. 
Гэтак ты рабіў, а Я маўчаў. Дык здалося табе, што Я такі самы, як ты! Але Я буду караць цябе і пастаўлю твае справы перад вачыма тваімі”. 
Зважайце цяпер на гэта вы, што Бога забываеце, каб Я не схапіў вас, бо ня будзе каму вызваліць. 
Хто ахвяруе падзяку, той ушаноўвае Мяне, і хто парадкуе шлях свой, таму Я пакажу збаўленьне Божае. 
