﻿ПСАЛЬМЫ.
45.
Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Сыноў Караха. Навучаньне. Песьня вясельная. 
Сэрца маё пераліваецца словамі добрымі. Я выказваю твор мой пра валадара. Язык мой, як пёрка спраўнага пісара. 
Ты прыгажэйшы за ўсіх сыноў чалавечых, ласка ліецца з вуснаў тваіх! Таму дабраславіў цябе Бог на вякі. 
Падперажы, волаце, паясьніцу мячом тваім, славай тваёю і веліччу тваёю! 
І ў велічы тваёй мей посьпех, сядзь пераможна са словам праўды і лагоднай праведнасьці, і правіца твая няхай навучыць цябе страху Божаму. 
Стрэлы твае вострыя, народы ўпадуць пад ногі твае, яны скіраваныя ў сэрцы ворагаў валадара. 
Пасад Твой, Божа, на вякі вечныя! Кій роўнасьці — кій валадарства Твайго. 
Ты палюбіў праведнасьць і зьненавідзеў бязбожнасьць. Дзеля гэтага памазаў цябе Бог, Бог твой, алеем радасьці больш за таварышаў тваіх. 
Усё адзеньне Тваё — быццам міра, альвас і касья; у палацы з косьці слановае граньне на струнах вяселіць цябе. 
Дочкі валадароў сярод шанаваных тваіх; сужонка валадара стаіць праваруч цябе ў шчырым золаце з Афіру. 
“Слухай, дачка, і ўзглянь, і прыхілі вуха тваё, і забудзься пра народ твой і пра дом бацькі твайго. 
І калі валадар прыгажосьці тваёй зажадае, ты схіліся перад ім, бо ён – пан твой. 
I дачка Тыру з дарам прыйдзе перад аблічча тваё, панізяцца багатыя народу. 
Уся аздоба дачкі валадара ўнутры, золатам апраўлены шаты яе. 
У вопратках рознакаляровых вядуць яе да валадара; дзяўчыны ідуць за ёю, сяброўкі ейныя ідуць да цябе. 
Іх вядуць у радасьці і весялосьці, і ўваходзяць яны ў палац валадара. 
Замест бацькоў тваіх будуць сыны твае; іх паставіш князямі па ўсёй зямлі. 
Я зраблю памятным імя тваё з пакаленьня ў пакаленьне; таму народы будуць славіць цябе на вякі вечныя. 
