﻿ПСАЛЬМЫ.
35.
Давіда. Змагайся, ГОСПАДЗЕ, з тымі, якія ідуць супраць мяне; ваюй супраць тых, што ваююць са мною. 
Вазьмі шчыт і панцыр, і паўстань на ўспамогу мне. 
І схапі дзіду, і загарадзі дарогу тым, якія перасьледуюць мяне. Скажы душы маёй: “Я — збаўленьне тваё”. 
Няхай асаромяцца і будуць у сораме тыя, што шукаюць душу маю; няхай адступяцца і будуць у ганьбе тыя, што надумалі ліхое супраць мяне. 
Няхай будуць яны, як мякіна пад ветрам, і анёл ГОСПАДАЎ няхай гоніць іх. 
Няхай шлях іхні будзе цёмны і сьлізкі, і анёл ГОСПАДАЎ няхай перасьледуе іх. 
Бо яны без прычыны таемна наставілі на мяне ў яме сетку сваю, без прычыны выкапалі яму для душы маёй. 
Няхай прыйдзе на яго загуба нечакана, няхай сетка, якую ён таемна наставіў, зловіць яго, няхай на загубу ўваліцца ён. 
А мая душа будзе радавацца ў ГОСПАДЗЕ, будзе цешыцца збаўленьнем сваім. 
Усе косткі мае скажуць: “ГОСПАДЗЕ, хто падобны да Цябе, Які ратуеш прыгнечанага ад дужэйшага за яго, беднага і прыгнечанага — ад таго, хто яго абдзірае? 
Паўстаюць сьведкі няправасьці, пра тое, чаго я ня ведаю, выпытваюць мяне, 
плацяць мне злом за дабро; асірацела душа мая. 
А я падчас нядужасьці іхняе апранаўся ў зрэбніцу, пастом прыгнятаў душу маю, і малітва мая вярталася ў грудзі мае. 
Быццам ён быў прыяцель, брат мой, хадзіў я да яго; як у жалобе па маці, сумаваў я ў смутку. 
Але калі я пачаў падаць, яны ўзрадаваліся і сабраліся разам, сабраліся разам супраць мяне, каб біць мяне, і я ня ведаў гэтага, зьневажалі мяне і не маўчалі. 
Разам з крывадушнікамі насьмешнікі банкетуюць, скрыгочуць на мяне зубамі сваімі. 
Госпадзе, як доўга будзеш глядзець на гэта? Адвядзі ад загубы іхняй душу маю, вызваль ад львянят адзіную маю. 
Буду славіць Цябе ў грамадзе вялікай, сярод народу магутнага буду хваліць Цябе. 
Няхай ня радуюцца з мяне тыя, што варагуюць са мною няслушна, няхай не міргаюць вачыма тыя, што ненавідзяць мяне без прычыны. 
Бо не пра супакой гавораць яны і супраць ціхіх на зямлі падступныя словы надумляюць. 
Шырока разявіўшы вусны свае супраць мяне, яны казалі: “Ага, ага! Бачыла вока нашае!” 
Ты бачыў гэта, ГОСПАДЗЕ! Дык не маўчы, Госпадзе, не аддаляйся ад мяне! 
Збудзіся! Абудзіся на суд мой, Бог мой і Госпад мой, каб весьці справу маю! 
Судзі мяне паводле праведнасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, і няхай яны ня радуюцца, гледзячы на мяне, 
няхай ня скажуць у сэрцы сваім: “Ага! Душа наша гэтага хацела!” Няхай яны ня скажуць: “Мы праглынулі яго!” 
Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што радуюцца з няшчасьця майго; няхай у ганьбу і сорам апрануцца тыя, што вывышаюцца нада мною. 
Няхай весяляцца і радуюцца тыя, якім даспадобы праведнасьць мая, і няхай яны кажуць заўсёды: “Будзь узьвялічаны, ГОСПАД, Якому даспадобы супакой слугі Ягонага!” 
А язык мой будзе выказваць праведнасьць Тваю і хвалу Тваю кожны дзень. 
