﻿ПСАЛЬМЫ.
29.
Псальм Давіда. Аддайце ГОСПАДУ, сыны Божыя, аддайце ГОСПАДУ славу і моц! 
Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, пакланіцеся ГОСПАДУ у велічы сьвятасьці! 
Голас ГОСПАДА над водамі; Бог славы загрымеў, ГОСПАД над водамі шматлікімі. 
Голас ГОСПАДА магутны, голас ГОСПАДА велічны. 
Голас ГОСПАДА крышыць кедры, ГОСПАД крышыць кедры Лібанскія, 
і прымушае іх скакаць, быццам цяляты, Лібан і Сірыён, як маладых буйвалаў. 
Голас ГОСПАДА выкрасае полымя агню. 
Голас ГОСПАДА ўстрасае пустыняй, ГОСПАД устрасае пустыняй Кадэш. 
Ад голасу ГОСПАДА лані зьлягаюць і лясы асыпаюцца, і ў сьвятыні Ягонай усё кажа: Слава! 
Над патопам сядзеў ГОСПАД, і будзе сядзець ГОСПАД, як Валадар, навекі! 
ГОСПАД дасьць сілу народу Свайму, ГОСПАД дабраславіць народ Свой супакоем. 
